У сераду, 22 красавіка, беспілотнік ваенна-марскога флоту ЗША X-47B паспяхова правеў першую ў гісторыі авіяцыі дазапраўку падчас палёту, паведаміў афіцыйны сайт navy.mil.

X-47B атрымлівае ў паветры паліва з самалёта-запраўшчыка. Фота US Navy.

X-47B атрымлівае ў паветры паліва з самалёта-запраўшчыка. Фота US Navy.

Падчас палёту над Атлантыкай беспілотны самалёт злучыўся з самалётам-запраўшчыкам Boeing K-707 і атрымаў ад яго больш за 1 000 літраў паліва. Пры гэтым дазапраўка была праведзеная беспілотнікам самастойна, у цалкам аўтаматычным рэжыме.

«Здольнасць аўтаномна атрымліваць паліва ў палёце павялічыць дальнасць і гнуткасць будучых беспілотных паветраных платформаў, пашырыць радыюс эфэктыўнага дзеяння авіяносцаў», — адзначыў менеджар праграмы Беспілотнай марской авіяцыі капітан Бо Дуартэ.

Адпрацоўка дазапраўкі ў паветры стане апошняй місіяй X-47B, які здольны таксама самастойна падымацца ў паветра. Пасля гэтага наватарская машына, якая першай лётала ў адным страі з пілатаванымі знішчальнікамі і першай падымалася і прызямлялася на авіяносец, адправіцца ў музей авіяцыі.

Досвед, які атрымалі вучоныя і інжынеры падчас працы з X-47B, можа стаць ключавым для стварэння ў будучым цалкам беспілотнага баявога авіяцыйнага флоту марскога базіравання. Чакаецца, што такія машыны з'явяцца на ўзбраенні ЗША ў пачатку 2020-х гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?