Сайгак. Фота: Seilov via Wikimedia Common

Сайгак. Фота: Seilov via Wikimedia Common

Каля 100 тысяч антылоп-сайгаў, альбо сайгакаў, загінула з загадкавых прычын у Казахстане. Калі сітуацыя не выправіцца, рэдкі від жывёл можа знікнуць у бліжэйшыя тыдні, піша IFLScience.

Падзёж раптоўна пачаўся ў сярэдзіне мая і пакуль не спыніўся. Від, што і так знаходзіўся ў крытычным стане (катэгорыя CR паводле Міжнароднага саюзу аховы прыроды), пад пагрозай вымірання. Чаму — загадка.

80-85 тысяч памерлых сайгакаў — прыблізная лічба на пятніцу, 22 мая, па Кастанайскай вобласці Казахстана. Вядома, што на той дзень больш за 7 тысяч сайгакаў загінула ў Акмалінскай Акцюбінскай абласцях.

Агулам казахская папуляцыя налічвала на 2014 год 256 тысяч. Значна меншая папуляцыя сайгакаў ёсць у Расіі і Манголіі, адтуль звестак пра падзёж не паступала.

Магчымай прычынай падзяжу называецца эпідэмія пастэрэлёзу, інфекцыйнай хваробы, што ўзнікае праз зніжэнне натуральнай супраціўляльнасці арганізму да ўзбуджальнікаў інфекцый. Але незразумела, чаму хвароба, і так распаўсюджаная сярод сайгакаў, магла б прывесці да масавай — і раптоўнай — гібелі.

Як сцвярджаюць у міністэрстве сельскай гаспадаркі Казахстана, выміранні сайгакаў здараліся і раней, але ніяк не ў такіх маштабах. Раптоўнае выміранне траціны папуляцыі за некалькі дзён — беспрэцэдэнтнае здарэнне не толькі для сайгакаў, але і для любых жывых істот.

Некалі сайгакі жылі на агромністай тэрыторыі ад Карпатаў да Манголіі і Кітая. Сучасныя арэалы двух падвідаў у параўнанні з ранейшымі — ледзь заўважныя кропкі. Але з сярэдзіны XIX стагоддзя да 1920-х чалавек практычна знішчыў сайгакаў. У 1950-х папуляцыю атрымалася часткова ўзнавіць і давесці да 2 млн, але да 2010 года праз браканьераў (цэняцца мяса і рогі) яна зменшылася да 12 тысяч.

Гэта не адзінае анамальнае знікненне жывых істот, якому чалавецтва не можа знайсці тлумачэння. Нешта цягам некалькіх год знішчае пад палову пчаліных вулеяў у ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?