Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Хіміяй» у Беларусі называюць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ). Гэтае слова замацавалася яшчэ ў савецкія часы, калі пасля вайны асуджаных накіроўвалі на будоўлі і шкодныя вытворчасці, у тым ліку — на хімічныя прадпрыемствы.

Акрамя «хіміі» з накіраваннем ёсць яшчэ і «хатняя хімія». Гэта таксама пакаранне ў выглядзе абмежавання волі і абавязковай працы, але чалавек знаходзіцца ў сябе ўдома, хоць і пад пільным наглядам міліцыі. «Хатнюю хімію» могуць прызначыць на тэрмін ад шасці месяцаў да пяці гадоў.

Ад пачатку 2020 года да «хатняй хіміі» паводле палітычна матываваных абвінавачванняў у Беларусі былі асуджаныя больш за 800 чалавек. Паводле праваабаронцаў, «хатнюю хімію» часцей прызначаюць асуджаным за ўдзел у пратэстах, абразу Лукашэнкі і іншых чыноўнікаў.

Што абавязаны рабіць чалавек, асуджаны да «хатняй хіміі»:

пасля таго, як прысуд набудзе моц, стаць на ўлік у крымінальна-выканаўчай інспекцыі;

працаваць (калі вязень не на пенсіі і не мае інваліднасці). Асуджаны можа застацца на тым месцы, дзе працаваў да выраку. Калі ж чалавек нідзе не працаваў, ён абавязаны самастойна знайсці месца працы і ўладкавацца цягам 15 дзён. Калі не атрымаецца, яго накіруюць у камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне;

наведваць аддзяленне міліцыі па месцы пастаноўкі на ўлік у вызначаны час і там адзначацца (звычайна раз на тыдзень);

знаходзіцца дома ў вызначаны крымінальна-выканаўчай інспекцыяй час, бо супрацоўнікі міліцыі могуць прыходзіць з праверкай. Таксама яны могуць завітаць на працу. Пра час і колькасць правяранняў міліцыянты не папярэджваюць. Па сутнасці, вязень і ўдзень, і ўначы знаходзіцца ў стане чакання няпрошаных «гасцей».

Што можна, а чаго нельга на «хатняй хіміі»

Асуджанаму да «хатняй хіміі» забаронена:

  • ужываць спіртовыя напоі, наведваць месцы, дзе прадаецца алкаголь;
  • наведваць спартыўна-масавыя, культурныя мерапрыемствы, хадзіць у госці да іншых людзей, акрамя блізкіх сваякоў;
  • адсутнічаць удома ва ўстаноўленыя крымінальна-выканаўчай інспекцыяй перыяды часу;

Чалавеку на «хатняй хіміі» дазваляецца:

  • ненадоўга выехаць у іншы горад ці лецішча пры ўмове атрымання дазволу ад міліцыі;
  • прымаць у сябе гасцей;
  • хадзіць у госці да блізкіх сваякоў, калі міліцыя дала на гэта дазвол;
  • карыстацца тэлефонам, інтэрнэтам, сацыяльнымі сеткамі.

Калі асуджаны да «хатняй хіміі» парушае гэтыя правілы і атрымлівае тры і больш спагнанняў, яму аб’яўляюць афіцыйнае папярэджанне. Калі пасля папярэджання асуджаны зноў здзяйсняе парушэнне цягам году, яму праз суд змяняюць пакаранне на больш жорсткае — накіроўваюць у ПУАТ ці нават калонію.

У 2021 годзе з Крымінальнага кодэксу быў выключаны артыкул 415 — «Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі». Паводле яго за парушэнні ўмоваў можна было атрымаць да трох гадоў калоніі. Юрысты зазначаюць, што такія змены накіраваныя на спрашчэнне парадку ўзмацнення пакарання — калі раней, каб адправіць «хатняга хіміка» ў калонію, трэба было заводзіць асобную крымінальную справу, то цяпер зрабіць пакаранне больш жорсткім можна ў парадку адміністрацыйна працэдуры.

Тэлеграм-бот «Магніт» і забарона выходзіць на ўласны падворак

Як распавядаюць асуджаныя да «хатняй хіміі» па палітычных артыкулах, інспектары без тлумачэння прычынаў скарачаюць ім колькасць вольнага часу на дзень, а таксама да іх значна часцей прыходзяць дамоў з праверкамі прадстаўнікі розных органаў — не толькі ўчастковы міліцыянт, але і КДБ, АМАП, РАУС, Дэпартамент аховы. Вядомыя выпадкі, калі амапаўцы ў поўнай амуніцыі ноччу прыязджалі праверыць, ці знаходзіцца ўдома жанчына сталага веку. Да некаторых вязняў позна ўвечары прыязджалі супрацоўнікі КДБ са зброяй, будзілі ўсіх суседзяў.

Таксама праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі правяраючыя з розных сілавых ведамстваў грукаюцца ў дзверы і адразу ж сыходзяць, пазначаючы, што вязня быццам не было ўдома. Чалавек мусіць паспець імгненна зрэагаваць на візіт і аператыўна адчыніць дзверы. «Хатнія хімікі» вымушаныя ўсталёўваць камеры відэаназірання, каб дадаткова сябе абараніць і перадухіліць правакацыі.

Паводле аповедаў вязняў, якія адбывалі «хатнюю хімію», міліцыянты ўсталёўвалі ім на тэлефоны тэлеграм-бот «Магніт», які збірае асабістыя дадзеныя і падпіскі.

Палітычным «хатнім хімікам», якія жывуць у прыватных дамах, забараняюць выходзіць на падворак у любы час, як гэта было раней. Цяпер, паводле інфармацыі праваабаронцаў, «палітычным» даюць падпісаць паперы аб змене ўмоваў адбыцця «хатняй хіміі». Згодна з імі пакідаць свой дом можна толькі ў межах тых гадзінаў, у якія дазваляецца выходзіць у горад. То бок выходзіць ва ўласны двор у любы момант забараняецца, гэта будзе лічыцца парушэннем умоваў адбыцця пакарання.

«Калі здавалася, што больш не вытрываю, згадвала, што магло быць горш»

Пра досвед адбывання «хатняй хіміі» з «Белсатам» на ўмовах ананімнасці падзялілася беларуска, якая была асуджаная да гэтага віду пакарання падчас дэкрэтнага адпачынку.

«Канешне, я радавалася, што мне прысудзілі «хатнюю хімію», — кажа адразу жанчына. — Мне далі два гады. Я не ўяўляю, што было б, калі б мне гэты час давялося правесці ў калоніі і не бачыць уласнае дзіця. Таму кожны раз, калі мне здавалася, што я не вытрываю больш, я згадвала, што магло быць горш».

Міліцыянты прыходзілі да нашай суразмоўцы штодня.

«Некаторыя проста званілі ў дамафон і сыходзілі, калі чулі, што я ўдома, іншыя падымаліся ў кватэру. Таксама часам прасілі паказаць тэлефон, глядзелі тэлеграм. На Дзень волі заўсёды прыходзілі некалькі разоў — у гэты дзень у іх па звычцы ўзмоцненая варта, — распавядае беларуска. — Самым цяжкім было, што мне далі дзве гадзіны часу на дзень, калі я магла выходзіць на вуліцу. Мне ўсталявалі час з 14 да 16 гадзінаў. У гэты час мой сын раней звычайнай спаў. Мне давялося перабудоўваць ягоны рэжым, каб гуляць з ім на вуліцы. Яшчэ сваімі візітамі яны часта будзілі сына — як назло маглі пазваніць у дамафон, калі я клала дзіця спаць. А адключыць дамафон я не магла — калі б я не адказала, было б парушэнне».

Візіты ў інспекцыю як нагода для сустрэчаў з «хімікамі» — аднадумцамі

Каб з’ездзіць з дзіцём у паліклініку, нашай суразмоўцы трэба было адпрошвацца ў міліцыі, папярэджваць. Часам даводзілася прасіць аб дапамозе сваякоў.

«Я пачала ўспрымаць сваю кватэру як турму, у якой мы сядзелі разам з сынам», — кажа былая зняволеная.

Пра цяжкасці адбыцця «хатняй хіміі» разам з дзецьмі раней распавядалі праваабаронцам іншыя асуджаныя жанчыны.

«Мае дзве вольныя гадзіны на дзень сканчаюцца задоўга да таго, як трэба забіраць дзіця з садка. А ніхто, акрамя мяне, гэтага не зробіць. Таму, калі выходжу, пакідаю тэлефон удома, каб мяне не адсачылі. Забіраю з дзіцячага садка і бягом да хаты. На маю просьбу да інспектара падоўжыць ці перанесці вольны час, мне адмовілі. Сказалі, трэба было раней думаць», — распавядала асуджаная да «хатняй хіміі» жанчына.

Па нядзелях нашая суразмоўца хадзіла ў інспекцыю адзначацца. Таксама на гэты дзень былі прызначаныя лекцыі, на якіх распавядалі пра экстрэмізм, каляровыя рэвалюцыі.

«Але я часам з радасцю хадзіла на гэтыя адзнакі, бо там я сустракала знаёмых — такіх жа «хімікаў», як і я, аднадумцаў, з якімі можна было пагутарыць», — прыгадвае жанчына.

Чаму «хатнія хімікі» — не палітвязні?

Праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук звяртала ўвагу, што «хатняя хімія» — гэта зусім не больш мяккае ці лёгкае пакаранне, у адрозненні ад «хіміі» з накіраваннем у ПУАТ.

«Людзей судзяць за рэалізацыю сваіх грамадзянска-палітычных правоў і прызначаюць ім рэальнае пакаранне, якога не мусіць быць наогул. Гэта пакаранне невінаватых людзей, якія вымушаны праходзіць цяжкія выпрабаванні з пастаянным ціскам, начнымі праверкамі, ізаляцыяй, забаронамі на выезд і спатканняў з роднымі», — зазначала праваабаронца.

Аднак «хатніх хімікаў» беларускія праваабаронцы не лічаць палітвязнямі. Калі чалавек знаходзіўся ў СІЗА, пасля вызначэння пакарання ў выглядзе «хатняй хіміі», яго выкрэсліваюць са спісу палітвязняў і дадаюць у спіс былых палітвязняў.

Адным з фактараў для прызнання чалавека палітвязнем, акрамя прысуду паводле палітычных матываў, з’яўляецца пазбаўленне волі. Пад пазбаўленнем волі разумецца ўтрыманне асобы ў любым месцы, калі асоба не можа яго пакінуць у выніку любога выгляду прымусу, які ўжываецца службовай асобай дзяржавы або з ведама і папушчальніцтва службовай асобы або органа дзяржавы, гаворыцца ў Кіраўніцтве Праваабарончага цэнтру «Вясна» па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены».

Немагчымасць пакінуць месца, дзе ўтрымліваецца чалавек, пры гэтым можа адбывацца з-за аховы або пад страхам наступнага больш суровага пакарання. Гаворка ідзе пра пэўнае закрытае месца або месца, куды забаронены або абмежаваны доступ любых асоб, у тым ліку прадстаўнікоў грамадскасці. У той час як падчас адбывання «хатняй хіміі» чалавек можа бачыцца з іншымі людзьмі, карыстацца сродкамі сувязі, выходзіць з дому.

Чым хатні арышт адрозніваецца ад «хіміі»?

Кіруючыся вышэйзгаданым крытэрам, праваабаронцы да пазбаўлення волі адносяць «хатні арышт», калі асоба знаходзіцца ў месцы абмежавання волі, якое не мае права пакінуць па сваім жаданні.

Таксама да пазбаўлення волі далучаюць выкарыстанне прымусовых папраўчых, папраўча-працоўных работ або працоўнага выхавання як віду крымінальнага або адміністрацыйнага пакарання, калі асоба знаходзіцца ў месцы абмежавання волі, якое не мае права пакінуць па сваім жаданні.

Хатні арышт як мера стрымання быў уведзены ў Беларусі ў 2001 годзе. Падчас хатняга арышту чалавек не мае права карыстацца інтэрнэтам, тэлефонам і ўвогуле любымі сродкамі сувязі. Тэлефанаваць чалавеку можа толькі следчы, таксама можна звязацца з адвакатам. Да яго не могуць прыходзіць іншыя людзі, акрамя следчага і адваката. Камунікаваць забараняюць нават са сваякамі, якія пражываюць з чалавекам у адной кватэры. Нельга працаваць. Да чалавека пад хатнім арыштам можа быць прыстаўленая кругласутачная ахова. Могуць дазволіць глядзець тэлебачанне, але звычайна — толькі дзяржаўныя тэлеканалы.

Тых, хто знаходзіцца пад хатнім арыштам, беларускія праваабаронцы прызнаюць палітвязнямі.

Чытайце таксама:

Што вядома пра калонію асобага рэжыму ў Глыбокім, дзе сядзяць рэцыдывісты, «пажыццёвікі» і палітык Мікалай Статкевіч

Для Паліны Шарэнды-Панасюк устанавілі прэвентыўны нагляд. Яе нарэшце выпусцяць?

«Апошнім часам дзяўчаты, якія траплялі ў ШІЗА, казалі, што не чуваць там голасу Калеснікавай» — былая зняволеная

Клас
4
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
14