Жанр: камедыя, баявік
Рэжысёр: Пол Фіг
У ролях: Меліса Маккарці, Джэйсан Стэтхэм, Джуд Лоў, Роўз Бірн, Міранда Харт, Бобі Канавале, Марэна Бакарын, Раад Раві
ЗША, 120 хв.
Адзнака: 7

С'юзан Купер ўсё сваё жыццё марыла стаць сакрэтным агентам і нават ўладкавалася працаваць у ЦРУ. Аднак вышэй офіснага супрацоўніка — агента падрымкі — ёй так і не ўдалося прасунуцца. Аднойчы найлепшы агент Брэдлі Файн правальвае заданне, падчас якога ён павінен быў высвятліць месцазнаходжанне ядзернай бомбы, і гіне. Цяпер адзіны чалавек, які валодае гэтай інфармацыяй, — Рэйна Баянава, дачка венгерскага бінэсмена, але яна ведае ў твар ўсіх найлепшых агентаў. Кіраўніцтву ЦРУ вымушанае скарыстацца паслугамі С’юзан Купер, якая да таго ж хоча адпомсціць за смерць Файна.

Амерыканскі рэжысёр і стэнд-ап комік Пол Фіг зняў чарговую яскравую камедыю, гэтым разам пакпіўшы з жанру шпіёнскага баевіка.

Меліса Маккарці, вядомая па серыяле «Майк і Молі», а таксама сталая ўдзельніца праектаў Фіга («Дзявочнік у Вегасе» (2011)), сыграла галоўную гераіню С'юзан. Роля вытанчанага шпіёна дасталася брытанцу Джуду Лоу, а Джэйсан Стэтхэм адыйшоў ад амплуа безэмацыйнага забойцы і выканаў ролю нязграбнага шпіёна-балабола Форда. Рэжысёр Пол Фіг зняўся ў эпізадычнай ролі.

Разам з героямі глядач наведае Рым і Парыж, аднак большая частка фільма была знятая на здымачных пляцоўках Будапешта і ў ваколіцах возера Балатон у Венгрыі. Меліса Маккарці дэманструе незвычайнае валоданне адзінаборствамі - для пастановак выкарыстоўваўся філіпінскі стыль. Некалькі тыдняў рэпетыцый спатрэбілася, каб зняць відовішчную сцэну бойкі на кухні, а самі здымкі занялі два дні.

Адна з самых захапляльных сцэн была знятая ў самалёце, калі ад прабоін у корпусе ўзнік эфект бязважкасці.

Для гэтага самалёт быў замацаваны на спецыяльным падвесе, які дазваляў нахіляць і паварочваць яго ў любым кірунку. Усе рухі самалёта кантраляваліся пры дапамозе гідраўлічнага кіравання, а акцёры і каскадзёры былі прывязаныя спецыяльнымі тросамі для стварэння такога адчування, быццам яны плывуць.

У якасці запрошаных зорак у фільме з'явіліся Верка Сярзючка (Андрэй Данілка) і амерыканскі рэпер 50 Cent.

Стужка вызначаецца нядрэнным, хоць часам недалікатным амерыканскім гумарам. Героі пастаянна кпяць адзін з аднаго, нават трапляючы ў самыя неверагодныя сітуацыі. Як пародыя фільм атрымаўся смешным, але прысутнічаюць жорсткія натуралістычня моманты, што падымае рэйтынг да 18+.

Настасся Уласава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?