Сёння журналіст «Нашай Нівы» браў удзел у міжклубнай пейнтбольнай гульні пад Баранавічамі.
Пры гэтым адзін з удзельнікаў (бізнэсовец, які вырабляе шаўроны) прапаноўваў іншым сваю прадукцыю.
Апроч іншага, на імправізаваным стэндзе были шаўроны Расіі і т.зв. «Наваросіі».
Як сказаў сам прадавец, прапаноўвае ён іх таму, што на іх ёсць попыт.
«Беларусы шаўроны «Наваросіі» сотнямі бяруць у месяц! І расійскія сцягі актыўна бяруць, і «ветлівых людзей». Але тут і ўкраінскія шаўроны ёсць. Іх таксама купляюць. Пры гэтым, яшчэ года паўтара таму яны ўвогуле нікому не былі патрэбныя», — расказаў бізнэсовец пра свой асартымент і дадаў, што вельмі любіць усіх украінцаў. Хіба што за выключэннем украінцаў-геяў.
Асноўныя пакупнікі такой прадукцыі — гэта аматары пейнтбола, страйкбола і хардбола.
«Мы і «Пагоню» з «БЧБ» робім, але так у адкрытую не прадаём. Толькі па замовах. Ці мала што», — расказаў мужчына і папрасіў не называць ягонае імя і не фатаграфаваць, а то нехта даведаецца, што «БЧБ» робіць, і «бізнэсу гамон».
Грошы, як можна ў чарговы раз упэўніцца, не пахнуць.