Сотні тысяч чалавек на чале з прэм'ер-міністрам Каштуніцам выйшлі на мітынг пратэсту супраць аддзяленьня Косава. Маніфэстанты падпалілі пасольства ЗША і зьдзейсьнілі напады на пасольствы Харватыі, Босьніі, Турцыі. Адзін чалавек загінуў.

«Ці існуе нейкая іншая нацыя на плянэце, ад якой [вялікія дзяржавы] патрабуюць адмовіцца ад сваёй ідэнтычнасьці, адмовіцца ад сваіх братоў у Косаве», — заявіў на мітынгу прэм’ер‑міністар Сербіі Ваіслаў Каштуніца.

«Ніхто ў Сэрбіі ніколі не атрымае права пагадзіцца на гэта», — сказаў ён.

Каштуніца заклікаў устрымлівацца ад любога гвалту ў барацьбе за тэрытарыяльнае адзінства Сэрбіі.

Сотні тысячаў людзей сабраліся на акцыю пратэсту супраць дэклярацыі незалежнасьці Косава перад будынкам парлямэнту Сэрбіі ў Бялградзе. Дэманстрацыю зладзіў урад краіны.

Сэрбская чыгунка прапаноўвала бясплатныя білеты тым, хто кіраваўся ў сталіцу, а Міністэрства адукацыі абвясьціла, што ў чацьвер будуць зачыненыя ўсе школы.

На мітынгу выступілі ня толькі прадстаўнікі ўраду, але і лідэр нацыяналістычнай Сэрбскай Радыкальнай партыі, а таксама знакамітыя тэнісісты, баскетбалісты, сьпевакі.

У той жа час на мяжы з Косава некалькі соцень сэрбаў палілі аўтамабільныя апоны і закідвалі камянямі косаўскіх паліцэйскіх.

У памежным Мердарэ адбыліся сутыкненьні паміж 300 былыі сербскімі вайскоўцамі і спэцпадразьдзяленьнямі косаўскай паліцыі. Напярэдадні каля тысячы сербаў з абодвух бакоў новай мяжы разграмілі і спалілі два іншыя памежныя прапускныя пункты — Банья і Ярынья.

Масавыя бясчынствы разгарнуліся і ў сталіцы Сэрбіі.

Група дэманстрантаў — некалькі тысячаў чалавек у шаліках футбольных фанатаў — адкалолася ад мітынгу.

У будынку ў той момант нікога не знаходзілася, і яно не ахоўвалася. Дэманстранты павалілі будкі аховы, пралезьлі да будынку, высадзілі дзьверы, залезьлі ў сярэдзіну. З вакон паляцілі папера і мэбля. З флагштоку быў сарваны амэрыканскі сьцяг, пасьля пайшоў дым. Адзін з будынкаў выгараў дашчэнту. Пасьля на папялішчы знайшлі адзін труп. Амэрыканскія дыпляматы заявілі, што ніхто не пацярпеў. Мяркуецца, што загінуць мог нецьвярозы ўдзельнік пратэстаў. Былі таксама зьдзейсьнены напады на пасольствы Харватыі, Босьніі, Турцыі. Разьюшаны натоўп сарваў сьцяг, што вісеў над уваходам у турэцкую амбасаду, спаліў яго і ўзьняў сэрбскі. У пасольстве Босьніі і Герцагавіны выбілі шыбы. Паліцыя толькі пад ноч здолела расьсекчы натоўп і навесьці парадак. Пад шумок былі разрабаваныя дзясяткі крамаў, спаленыя і пабітыя аўтамабілі. 132 чалавекі былі параненыя. 196 чалавек былі затрыманыя.

Прэзыдэнт Тадзіч асудзіў акты гвалту: гвалт шкодзіць Сэрбіі, толькі мірным шляхам мы можам даказаць сваю рацыю, заявіў ён. У часе мітынгу ён знаходзіўся зь візытам у Румыніі, краіне, якая не прызнала незалежнасьці Косава.

Дзярждэпартамэнт ЗША запатрабаваў ад сэрбскіх уладаў тлумачэньняў. Асудзіла бясчынствы і Рада Бясьпекі ААН. Амэрыканскія дыпляматы таксама заявілі, што ахоўнікі пасольства, марскія пехацінцы, дзейнічалі ў адпаведнасьці з інструкцыямі і здолелі захаваць усе сакрэтныя дакумэнты.

МБ; інф. Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0