Фанаты футбольнага клуба «Лех» (Познань) адзначыліся падчас выезду ў сталіцу Босніі на матч сваёй каманды супраць ФК «Сараева» ў рамках другога кваліфікацыйнага раўнда Лігі Чэмпіёнаў.
Каля 150 польскіх фанатаў прыбылі ў Сараева за суткі да матчу – яшчэ ў панядзелак. Амаль адразу ж група палякаў з шасці чалавек была атакаваная фанатамі ФК «Сараева», якія называюць сябе «Horde Zla» (Орды Зла), колькасцю прыблізна ў трыццаць чалавек. У выніку адзін польскі заўзятар трапіў у шпіталь.
Звесткі аб гэтым хутка трапілі да асноўнай групоўкі польскіх фанатаў, якія знаходзіліся ў адным з гатэляў на ўскраінах горада. Да іх таксама накіравалася вялікая групоўка баснякоў – трохі больш за сто чалавек. Групоўкі сустрэліся на вуліцах аднаго з глухіх раёнаў Сараева — Вагошча, сутычка адбывалася недзе на працягу 50 хвілін – пакуль не прыбыла паліцыя і не раздзяліла агрэсіўныя групоўкі фанатаў.
Па выніку ў шпіталі аказалася 11 баснякоў і 7 палякаў, іх жыццю нішто не пагражае. Таксама гаспадарамі быў сур’ёзна пашкоджаны адзін з аўтобусаў, на якіх прыбылі госці.
На другі дзень ніякіх сур’ёзных здарэнняў не адбывалася, польскія фанаты знаходзіліся ў ачапленні мясцовай паліцыі. Варта падкрэсліць, што ўсяго падтрымаць познаньскі «Лех» прыехала каля тысячы фанатаў, сярод якіх былі і іх сябры з «Краковіі» (Кракаў). Што цікава, падчас сваіх маршаў па вуліцы, а таксама непасрэдна на матчы польскія заўзятары скандавалі прасербскія і антыбаснійскія лозунгі.
Адзначым, што матч скончыўся з лікам 2:0 на карысць «Леха». Сустрэча ў адказ адбудзецца ў Познані 22 ліпеня.
Тут і ніжэй фота: ultras-tifo.net