«Дзеянні ўладаў у дачыненні да Аляксандра Казуліна не толькі антыгуманныя, але і супрацьзаконныя», — так пракаменціраваў былы адвакат зняволенага палітыка юрыст Ігар Рынкевіч у інтэрв'ю БелаПАН апошнія заявы адміністрацыі калоніі «Віцьба-3».

Нагадаем, што раніцай 25 лютага начальнік калоніі Віталій Агністыкаў паведаміў прадстаўніку Беларускага Хельсінкскага камітэта па Віцебскай вобласці Паўлу Левінаву, што рыхтуе адмову А.Казуліну ў выездзе на пахаванне жонкі. Гэтае рашэнне ён матываваў тым, што за час знаходжання ў калоніі Казулін меў чатыры дысцыплінарныя спагнанні і з улікам асобы зняволенага не ўяўляецца магчымым адпусціць яго на пахаванне жонкі.

«Усцешна, што пасля заканчэння двух сутак Агністыкаў прызнаў, што ключавая роля ў вырашэнні аб прадастаўленні Казуліну кароткатэрміновага водпуску ўсё-такі належыць яму. Раней ён заяўляў, што такое рашэнне павінна прымацца дэпартаментам выканання пакаранняў», — нагадаў І.Рынкевіч.

«Што ж да чатырох дысцыплінарных спагнанняў, то яшчэ зусім нядаўна іх было тры, два з якіх — за тое, што Казулін (чалавек, які дагэтуль канчаткова не аднавіўся пасля 53-дзённай палітычнай галадоўкі) прылёг на ложак у пазаўрочны час. Нечаканае з'яўленне яшчэ аднаго спагнання сведчыць аб тым, што на Казуліна вядзецца ціск унутры калоніі», — лічыць І.Рынкевіч.

Юрыст таксама пракаменціраваў словы начальніка аддзела па нагляду за выкананнем пакарання Віцебскай абласной пракуратуры Юрыя Раманоўскага, які 25 лютага ў інтэрв'ю агенцтву Інтэрфакс-Захад заявіў, што Казулін не пісаў заяву з просьбай адпусціць яго з папраўчай калоніі на пахаванне жонкі.

«Згодна з заканадаўствам, службовыя асобы (у гэтым выпадку прадстаўнікі адміністрацыі калоніі) павінны растлумачыць зняволенаму, што ад яго патрабуецца ў той ці іншай сітуацыі. Заява з просьбай адпусціць Казуліна на пахаванне жонкі паступіла ад яго сваякоў. І калі неабходна была яшчэ заява ад яго самога, дык гэта яму павінны былі растлумачыць, а не радасна «паціраць рукі» ад таго, што чалавек не ведаў нейкіх працэсуальных дэталей», — сказаў Рынкевіч.

Ён заявіў, што сваякі і паплечнікі А.Казуліна будуць «абскарджваць антызаконныя дзеянні кіраўніцтва калоніі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?