Пасля інаўгурацыі: прэзідэнт Анджэй Дуда (справа), былы прэзідэнт Браніслаў Камароўскі (злева) і іх жонкі Агата Корнхаузер-Дуда (справа) і Ганна Камароўска (злева). Фота: PAP/Bartłomiej Zborowski
У звароце да польскага народа новаабраны прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда анансаваў стварэнне ў рамках Канцылярыі прэзідэнта Аддзела па справах Палоніі (асоб польскага паходжання) і палякаў за мяжой.
«Ім неабходны больш моцны кантакт з Польшчай, актыўнасць з боку ўладаў. У сувязі з гэтым я прыняў рашэнне, што ў рамках Канцылярыі прэзідэнта з'явіцца Аддзел па справах Палоніі і палякаў за мяжой — каб актыўна вырашаць гэтыя задачы», — заявіў Анджэй Дуда.
«Яны думаюць пра Польшчу, адчуваюць сябе палякамі, хочуць дапамагчы. Але ім неабходная сувязь з краінай, неабходна, каб ім працягнулі руку і каб з імі таксама ўзаемадзейнічалі на карысць Польскай Рэспублікі», — сказаў Дуда.
«Ёсць таксама шмат палякаў, якія пасля змены межаў дзесяцігоддзі таму засталіся ва Усходняй Еўропе, — асобна адзначыў ён. — Ёсць таксама вывезеныя туды. Многія з іх хацелі б вярнуцца. І гэта гістарычная задача для польскай дзяржавы. Сёння трэба падтрымліваць палякаў за мяжой затым, каб яны маглі там развіваць польскую культуру так, каб моладзь пра Польшчу не забывала», — падкрэсліў кіраўнік Польшчы.
396 тысяч палякаў жыве ў Беларусі, збольшага на Гродзеншчыне, 235 тысяч — у Літве, найбольш на Віленшчыне, каля 100 тысяч — у Казахстане і Расіі.