У сярэдзіне снежня ў асобных касцёлах Беларусі адчыняцца «святыя брамы даравання» («дзверы міласэрнасці») для вернікаў. 

Папа Францішак адчыняе Святую браму базілікі Святога Пятра ў Ватыкане. Фота AFP

Папа Францішак адчыняе Святую браму базілікі Святога Пятра ў Ватыкане. Фота AFP

Як паведаміў 8 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, упершыню ў гісторыі каталіцкай царквы папа Францішак даў магчымасць адчыняць «святыя брамы даравання» ў асобных касцёлах і санктуарыях па ўсім свеце. 

У розныя перыяды гісторыі царквы «святыя брамы», праходжанне праз якія даруе адпушчэнні грахоў, адчыняліся толькі ў базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане, базіліцы Маці Божай вялікай, базіліцы Святога Яна Латэранскага і базіліцы Святога Паўла за Аўрэліянавымі сценамі. «Але ніколі яшчэ «дзверы міласэрнасці» не адчыняліся ў асобных епархіях, касцёлах, санктуарыях. Сёння папа дае такую магчымасць, таму нас чакае ўнікальная падзея», — падкрэсліў Кандрусевіч. 

Год Божай міласэрнасці ў каталіцкім свеце пачынаецца 8 снежня. У гэты дзень роўна 50 гадоў таму завяршыўся Другі Ватыканскі сабор, які «стаў актам міласэрнасці ў дачыненні да касцёла і чалавецтва». Пачатак Года міласэрнасці адзначыць адкрыццё папам Францішкам святых дзвярэй у базіліцы Святога Пятра ў Ватыкане. «Апошні раз гэтыя дзверы адчыняліся ў 2000 годзе, пасля — запячатваліся. Праз дзверы мы ўваходзім, каб сустрэць кагосьці дома, у двары або іншым месцы. Так і папа сёння адчыніць гэтыя дзверы, каб кожны мог прайсці праз іх і сустрэцца з божай міласэрнасцю», — расказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

У асобных епархіях «святая брама» адчыніцца ў нядзелю, 13 снежня. Напрыклад, у мінскім касцёле Святых Сымона і Алены (Чырвоны касцёл) у гэты дзень у 12.30 пачнецца набажэнства, падчас якога мінчукі пачуюць урывак папскай булы з аб'яўленнем Года міласэрнасці. Пасля набажэнства вернікі пройдуць працэсіяй па вуліцах Валадарскага і Камсамольскай да архікафедральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі на плошчы Свабоды, дзе і адбудзецца адкрыццё «дзвярэй міласэрнасці».

У Мінска-Магілёўскай архіепархіі «брама даравання» адчыніцца ў асобных касцёлах і санктуарыях Мінска, Магілёва і Будслава, у Гродзенскай епархіі — у Гродне і Лідзе, у Віцебскай — у Віцебску і Браславе, а ў Пінскай — у Пінску, Гомелі, Баранавічах і Брэсце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?