Кажуць жа, што «сапраўднае жыццё пачынаецца за МКАДам», дык з’ездзіў я днямі за МКАД на тое сапраўднае жыццё паглядзець.

Зайшоў у кнігарню «Цэнтральная», думаў «Время секонд-хэнд» Святланы Алексіевіч набыць. Сабе ўжо набыў, а цяпер хачу падараваць асобнік бібліятэцы ў Докшыцах.

«Время сэконд-хэнд» у кнігарні не было, затое сувеніры з савецкім гербам, сярпом-молатам ды партрэтам Леніна прадаваліся.

— А чаму гэта ў вас савецкая сімволіка прадаецца?

— А что? Эта жэ наша історія.

Папрасіў кнігу заўваг і прапаноў. Кіраўніца крамы прыбегла і прапанавала вырашыць пытанне. «Скажыце, што прыбраць, — я прыбяру». Але я падумаў, што разабрацца пісьмова будзе больш надзейна — напісаў прапанову, каб сувеніры з савецкай сімволікай знялі з рэалізацыі і болей не прадавалі ў кнігарні.

Вельмі непрыемна мне ўлазіць у такія канфлікты, спрачацца з людзьмі. Але грамадзянскі абавязак прымушае хоць бы раз-пораз спрабаваць ачысціць сваю краіну ад сімволікі зладзеяў.

Хто жыве за МКАДам, паглядзіце, прыбралі ў «Цэнтральнай» сярпы-молаты ці не? Пакіньце запіс, калі яны з першага разу не зразумелі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0