На адкрыцці Музея савецкай акупацыі, у цэнтры — міністр абароны Малдовы Анатол Шалару (фота: ava.md)

На адкрыцці Музея савецкай акупацыі, у цэнтры — міністр абароны Малдовы Анатол Шалару (фота: ava.md)

У Цэнтры ваеннай культуры і гісторыі Нацыянальнай арміі Малдовы ў мінулыя выхадныя адкрыўся Музей савецкай акупацыі, паведамляе «Инфотаг». Музей адкрыты з ініцыятывы міністра абароны Анатола Шалару.

На цырымоніі адкрыцця музея прысутнічалі амбасадар ЗША ў Малдове Джэймс Пэці, лідар Ліберальнай партыі Міхай Гімпу, шэраг дзяржаўных чыноўнікаў і грамадскіх дзеячаў.

Выступаючы на цырымоніі адкрыцця, міністр Шалару сказаў, што «прыйшоў пакланіцца продкам, якія сталі ахвярамі злачыннага рэжыму».

У экспазіцыі музея — 20 тысяч экспанатаў, уключаючы фатаграфіі, рэчы дэпартаваных жыхароў Малдовы, гістарычныя дакументы. Акрамя дакументальных экспанатаў, у музеі ёсць залы, дзе абыграная абстаноўка кабінетаў НКВД 40-х гадоў мінулага стагоддзя. У адным з такіх кабінетаў следчы НКУС дапытвае жыхарку Бесарабіі.

На адкрыцці экспазіцыі наведвальнікаў сустракаў чалавек, загрымаваны пад правадыра Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года Уладзіміра Леніна.

Міністр абароны Шалару паабяцаў адкрыць музей савецкай акупацыі ў верасні мінулага года. Тады па яго загадзе быў дэмантаваны танк Т-34, размешчаны на тэрыторыі кішынёўскай мотастралковай брыгады «Штэфан чал Марэ». Міністр у звароце да СМІ заклікаў не драматызаваць падзеі і заявіў, што «дэмантаж танка — гэта заканамернае імкненне вырваць сумную старонку з гісторыі Малдовы і нагадаць пра тое, якія наступствы пацягнула за сабой наша савецкае мінулае».

Анатол Шалару таксама паведаміў, што ў Малдове ёсць яшчэ некалькі падобных манументаў і што яны таксама будуць дэмантаваныя і адпраўленыя ў Музей савецкай акупацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?