У асобе Ўладзімера Кондруся сама сабою ў полі публічнага абмеркаваньня ўзьнікла тэма Плошчы 2010 году — што гэта было насамрэч?

Абазначыўся водападзел грамадзкае думкі — кожны, хто спрабуе даць ацэнку пагрому ў Доме ўраду — той як бы за Лукашэнку, таму любая крытыка для дэмакратычнай публікі — табу. Нехта пасьпяшаўся назваць пагром на ўкраінскі манер Рэвалюцыяй Годнасьці, дарма што безь нябеснае сотні, якая адразу руйнуе недарэчную паралель, паказваючы розныя матывы народнага паўстаньня на майдане і нашага «штурму». Розныя як неба і зямля.

Паход на Дом ураду, пад завязку набіты амонам, быў клясычнай правакацыяй — безь ніякае рэалістычнае мэты.

Дагэтуль ня вызначыліся — хто заклікаў ахоплены эўфарыяй натоўп ісьці з Кастрычніцкай да Незалежнасьці — у падрыхтаваную па поўнай праграме пастку. Дагэтуль не растлумачана — навошта? Дагэтуль ня выслаўлена, што стала дэтанатарам біцьця шкла, хто заклікаў і хто пачаў першы.

На кіеўскім майдане народны пратэст меў самую высокую цану — жыцьцё. Нават калі ты шматкроць слабейшы, але гатовы загінуць за ўласную і ўсіхную мэту, ты маеш шанец перамагчы. Ня варта гэтую цану параўноўваць з нашай ні ўва што не аформленай эўфарыяй, якая і кошту ня мела ніякага — не сфармавалася да такога ўзроўню. Людзі на Плошчы прыйшлі пратэставаць супраць вынікаў выбараў, а не здабываць свабоду, мяняць гісторыю, аддаць за гэта жыцьцё. І колькасна і якасна гэта была зусім ня тая «армія», якая магла распачынаць вайсковыя дзеяньні з хоць бы якім шанцам на посьпех.

Ці лідэры, якія прывялі народ да Дому ўраду, ня ведалі і ня бачылі гэтага? Ці яны ня бачылі пасткі? Калі ня ведалі і ня бачылі — трэба аддаць належнае іхнаму інфантылізму — як, зрэшты, і інфантылізму Кондруся, які штурмаваў амонаўскія шыхты. Калі ж ведалі і бачылі — тады ўвесь гэты паход трэба прызнаць адной вялікай правакацыяй, у якой Кондрусь і іншыя выканаўцы супрацьпраўных дзеяньняў сыгралі ролю правакатараў.

Вынік быў цалкам прагназаваны — паводле сцэнару таго Лукашэнкі, супраць якога нібыта прывялі пратэставаць людзей камандзіры.

Інфантылізм або правакацыя — вось і ўся дылема таго, што адбылося 19 сьнежня 2010 году каля Дому ўраду. Праўда, ці так ужо істотна, ці была правакацыя вольнай ці міжвольнай, што і азначае інфантылізм.

Асобна трэба сказаць пра папрокі на адрас незалежных мэдыяў, якія, маўляў, ня мусяць расказваць пра падзеі ўсёй праўды, бо ўся праўда можа нашкодзіць удзельнікам правакацыі — што, магчыма, і адбылося з Уладзімерам Кондрусем.

Але незалежная прэса — ня орган апазыцыі. А ўся праўда — гэта тое, што складае галоўную сілу незалежнага грамадзтва і галоўную яго надзею на перамены ў кірунку свабоды.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?