На парламенцкіх выбарах на Сейшэльскіх выспах перамогу атрымала апазіцыйная кааліцыя «Сейшэльскі дэмакратычны саюз» (СДС).

Яна атрымае 15 месцаў у Нацыянальнай асамблеі, яшчэ 10 месцаў у парламенце захавае за сабой «Народная партыя», якая знаходзіцца ва ўладзе з 1977 года. Па законе Сейшэлаў, астатнія 9 дэпутацкіх мандатаў будуць размеркаваныя паміж партыямі прапарцыйна атрыманаму ім працэнту галасоў на выбарах.

Поспех СДС не стаў нечаканасцю, і яшчэ да абвяшчэння вынікаў галасавання прэзідэнт краіны Джэймс Мішэль абвясціў, што гатовы да супрацоўніцтва з новай асамблеяй.

У 2011 годзе галоўная апазіцыйная сіла ў краіне — «Сейшэльская нацыянальная партыя» — адмовілася ўдзельнічаць у парламенцкіх выбарах, абвясціўшы іх несумленнымі. Да цяперашніх выбараў яна ўвайшла ў кааліцыю з яшчэ чатырма драбнейшымі апазіцыйнымі партыямі.

Былая калонія Вялікабрытаніі атрымала незалежнасць у 1976 годзе, і ўжо праз год у выніку ўзброенага перавароту да ўлады ў краіне прыйшла марксісцкая Народная партыя на чале з Франс-Альберам Рэнэ, які кіраваў аднаасобна да 2004 года.

Аднак яшчэ ў 1991 годзе Рэнэ абвясціў аб адмове ад марксісцкай ідэалогіі і вяртанні да шматпартыйнасці і свабодных выбараў. У 2004 годзе ён добраахвотна сышоў з пасады прэзідэнта, перадаўшы кіраванне краінай Джэймсу Мішэлю.

У 2006 годзе Мішэль выйграў прэзідэнцкія выбары, а потым быў пераабраны на гэтую пасаду ў 2011 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?