«Я чалавек інтэрнэтны, тэлевізар амаль не гляджу, хіба што мульцікі і перадачы пра жывёл-раслін з дзеткай, плюс апошні час, як з'явілася лецішча, — часам канал «Усадьба» пра сады-агароды, — піша жыхарка Мінска Таццяна Равяка ў сябе ў фэйсбуку. — Вось і ўчора пераключыла на сад-агарод.

Першы сюжэт: расіянін распавядае, як на лецішчы фармуе прастору, сыходзячы з прыярытэту «исконно русских» раслін і дрэваў. Нармальна, падумала: у чалавека такая канцэпцыя, цікава, зразумела. Але ж пакуль ён не пачаў распавядаць, што выкарчаваў усё, прыўнесенае з Захаду, бо Расію хочуць разваліць тым, што насаджаюць (у простым сэнсе) раслінамі, якія разбураюць спрадвечнае расійскае прыроднае асяроддзе…

Спачатку ўсміхнулася: так і бачу, як па начах замежнікі-дыверсанты ўкопваюць у расійскія землі бульбу з цюльпанамі.

Наступны сюжэт: у расійскай глыбінцы чалавек расказвае і паказвае свой участак.

Тут, кажа, «избушка-на-курьих-ножках» (і праўда — на сапраўдных ножках, як на карцінках), гэта хата-чытальня для ўнукаў, дзе яны чытаюць толькі нашы рускія казкі і глядзяць толькі рускія мульцікі. Спробы Захаду, кажа, навязаць сваю шкодную ідэалогію праз свае Галівуды і каляровыя кніжкі ён моцна адчувае і робіць усё магчымае, каб прадухіліць іх уплыў…

І гэта ж не прапагандысцкія праграмы, заточаныя менавіта на прасоўванне канкрэтнай ідэі, гэта — ужо жывое ўвасабленне дзеяння гэтай прапаганды, калі звычайныя людзі ў свае штодзённыя справы ўключаюць элемент барацьбы з «тлетворным влиянием Запада», успрымаюць сябе ў атачэнні ворагаў, з якімі змагаюцца любымі даступнымі сродкамі — выкарчоўваюць, будуюць асадныя избушки.

Гэта ўжо ў галовах і не скончыцца простым выключэннем тэлевізара», — робіць выснову Таццяна Равяка.

«Тое самае адбываецца з групамі ў сацыяльных сетках. Толькі нейкая робіцца папулярнай — яе бяруць пад кантроль і прасоўваюць прапаганду. «Популярная механика», Fishki — свежыя прыклады «ватызацыі», — дадае ў каментах іншы карыстальнік фэйсбука.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0