Інстытут «Мінскінжпраект» распрацаваў дакументацыю на будаўніцтва дзвюх агульнагарадскіх магістраляў, паведамляюць «Мінск-Навіны».

Першая магістраль будзе насіць назву Паўднёвая. Гэта падаўжэнне вуліцы Валадзько паралельна чыгунцы да вуліц Асаналіева—Сярова. Яна выканае функцыю дублёра вуліцы Кіжаватава, а ў перспектыве выйдзе на МКАД. Новая траса з боку чыгункі аблямоўвае эксперыментальны комплекс «Мінск-Свет» і забяспечыць яго транспартнае абслугоўванне ў гэтым кірунку. У межах комплексу магістраль будзе з 6 палос руху, далей — 4 паласы. Яе агульная працягласць — 2 км.

У склад праекта, акрамя новай дарогі, уваходзіць таксама аўтамабільны пуцеправод праз вуліцу Аэрадромную (два правапаваротныя і два левапаваротныя з'езды), які пройдзе паралельна існуючаму чыгуначнаму мосту. Падземны пешаходны пераход на станцыі Мінск-Паўднёвы падоўжаць пад магістраллю, прадугледжана рэканструкцыя разваротнага кальца аўтобусаў і тралейбусаў на ДС «Сярова». Да Паўднёвай магістралі прымыкае шэраг перспектыўных вуліц комплексу «Мінск-Свет», яе перасячэ 3-е транспартнае кола.

Другой агульнагарадской магістраллю стане ў будучыні вуліца Жукоўскага — ад Магілёўскай да Кіжаватава. Яе новы адрэзак запраектаваны на тэрыторыі комплексу «Мінск-Свет» — ад вул. Аэрадромнай да вул. Кіжаватава. На гэтым адрэзку пад ёй пройдзе ўчастак 3-й лініі метро, і на скрыжаванні з вуліцай Праектаванай №3 будзе станцыя метрапалітэна «Аэрадромная».

Архітэктары бачаць магістраль 8-палоснай з 2 палосамі для грамадскага транспарту. На скрыжаванні з Аэрадромнай плануецца двухузроўневая развязка тыпу «поўны канюшынавы ліст» з праходжаннем Аэрадромнай зверху па пуцеправодзе. 

Рэканструкцыя часткі вуліцы Жукоўскага да Магілёўскай і яе далейшае будаўніцтва да Кіжаватава дазволяць разгрузіць Маскоўскую і Брылеўскай і забяспечаць больш камфортны рух у гэтым кірунку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0