На сайце Палаты прадстаўнікоў з’явілася падрабязная інфармацыя пра дэпутатаў — дзе нарадзіліся, дзе вучыліся, дзе працавалі. «Наша Ніва» сабрала цікавую статыстыку.
Радзіма цёзак-дэпутатаў
…Вёска Суботнікі пад Іўем перадусім вядомая як радзіма Зянона Пазняка. Але ў гэта скліканне парламента трапілі адразу два ўраджэнцы Суботнікаў, прычым яшчэ і цёзкі! Валянціна Курсевіч — загадчыца аддзялення сталічнай бальніцы, а Валерый Курсевіч — дырэктар рысорнага завода МАЗ.
Аднак сярод астатніх абласцей Гродзеншчына на апошнім месцы. Справа ў тым, што менавіта тут найменш цягнулі ў парламент «сваіх». Толькі палова дэпутатаў ад Гродзеншчыны нарадзілася на тэрыторыі вобласці.
Рэйтынг па абласцях выглядае наступным чынам:
- Брэстчына — 19
- Гомельшчына — 17
- Міншчына — 14
- Магілёўшчына — 14
- Віцебшчына — 13
- Гродзеншчына — 11
- Мінск — 11
+за межамі Беларусі — 11
Восем чалавек з Расіі, тры з Казахстана
Найдальняе месца нараджэння ў гомельскай дэпутаткі Алены Астапюк — аж ва Усурыйску, за 10 тысяч км ад Мінска.
Аднак абсалютная большасць тых, хто нарадзіўся па-за межамі краіны, атрымалі адукацыю ў Беларусі.
Выключэнняў некалькі. Намеснік старшыні ЛДПБ Анатоль Хішчанка нарадзіўся на Браншчыне, адвучыўся ў Растове-на-Доне і толькі пасля прыехаў працаваць у Бабруйск.
А вось Уладзіміра Базанава, які паходзіць з-пад Волагды і скончыў Каломенскае артылерыйскае вучылішча, перавялі служыць у Брэст.
Найбольш педагогаў і медыкаў
Цяпер пра адукацыю. Самым папулярным сярод дэпутатаў (калі не ўлічваць Акадэмію кіравання, куды службоўцы паступаюць масава) прадказальна аказаўся Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — 10 выпускнікоў на ўсе факультэты.
Услед ідуць Педагагічны ўніверсітэт (8 чалавек), Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт (7 чалавек) і БНТУ (6 чалавек).
Што да «профіляў» адукацыі, то сярод дэпутатаў найбольш педагогаў (19 чалавек) і медыкаў (14 чалавек).
Адукацыя сілавікоў
Прафесійных сілавікоў у парламенце шасцёра, уключна са згаданым раней Базанавым. У беларускіх вайскоўцаў звычайна па некалькі вышэйшых адукацый, пераважна атрыманых у Расіі. Дзе яны вучыліся?
Сяргей Бобрыкаў — артылерыст. Ён скончыў Каломенскае вышэйшае артылерыйскае каманднае вучылішча, Ваенную артылерыйскую акадэмію ў Санкт-Пецярбургу і Ваенную акадэмію Генштаба Расіі.
Чыноўнік з Мазыра Леанід Пісанік скончыў Рыжскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча і Ваенна-палітычную акадэмію ў Маскве.
Валер Гайдукевіч адвучыўся ў Разанскім вышэйшым паветрана-дэсантным камандным вучылішчы, а таксама ў Ваеннай акадэміі імя Фрунзэ і Ваеннай акадэміі расійскага Генштаба (абедзве ў Маскве).
Аляксандр Маркевіч паспеў скончыць Ленінградскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча, Маскоўскую дзяржаўную юрыдычную акадэміі і нават Пагранічную акадэмію ФСБ Расіі.
Першы намеснік міністра ўнутраных спраў Валянцін Міхневіч, звольнены па стане здароўя, вучыўся ў Ташкенцкай вышэйшай школе міліцыі.
Вайскоўцам можа лічыць і экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Улаховіча, выпускніка Сімферопальскага вышэйшага ваенна-палітычнага будаўнічага вучылішча. Але ў рэальнасці ён займаўся будоўляй.
Ніводнага выпускніка беларускіх ваенных ці міліцэйскіх навучальных установаў сярод дэпутатаў няма.