Беларусь не можа заставацца ў баку ад трагічных падзей у Расіі. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 снежня ў Мінску.

«Учора ў Расіі здарылася вялікая трагедыя. На жаль, гэтая чарада трагедый стала злым рокам над нашым брацкім народам: велізарная колькасць людзей загінула ў Іркуцку ў сувязі з атручваннем, забіты пасол Расіі ў Турцыі і загінула шмат людзей у сувязі з крушэннем вайсковага самалёта, у якім знаходзіліся 92 чалавекі. Загінулі не толькі члены экіпажа, але і вядомыя артысты, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, ваенныя людзі, дзяржслужачыя, доктар. Натуральна, мы ў гэты дзень не маглі быць у баку ад гэтых трагічных падзей», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік краіны адзначыў, што ў знак салідарнасці з расійскім народам у краіне прыспушчаныя дзяржаўныя сцягі, адмененыя забаўляльныя мерапрыемствы.

«Нашы людзі актыўна адгукнуліся на гэта гора, наведаўшы расійскае пасольства. Я думаю, што паток людзей не паменшыцца, таму папрашу, каб праваахоўныя органы паглядзелі за парадкам вакол расійскага пасольства, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Сёння ў пасольстве адкрыта Кніга спачуванняў. Упэўнены, што нашы дзяржаўныя служачыя і іншыя людзі адгукнуцца і пабываюць там».

Памяць загінулых у выніку згаданых трагедый у Расіі на нарадзе з удзелам кіраўніка дзяржавы ўшанавалі хвілінай маўчання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?