Прэзідэнт ЗША Барак Абама змякчыў прысуд інфарматару Wikileaks Чэлсі Мэнінг, якая была асуджаная на 35 гадоў. Як паведамляе The New York Times, Мэнінг выйдзе на свабоду 17 мая 2017 года.

Усяго 17 студзеня Абама змякчыў прысуд 273 зняволеным, 64 з іх былі памілаваныя. Усяго за сваё праўленне ён скараціў тэрмін зняволення 1385 людзям, з іх больш за 500 былі асуджаныя пажыццёва.

У Белым доме адзначаюць, што Абама скараціў тэрміны пазбаўлення волі большай колькасці людзей, чым усе яго папярэднікі на пасадзе прэзідэнта.

Чэлсі Мэнінг адбывае пакаранне за крадзеж і перадачу праекту WikiLeaks дакументаў і відэазапісаў Пентагона, сярод якіх была здымка расстрэлу журналістаў ў Іраку амерыканскім вайсковым верталётам. Яна павінна была выйсці на волю ў 2045 годзе.

Да вынясення прысуду ў 2013 годзе яна была вядомая як мужчына па імені Брэдлі Мэнінг. У турме яна дамаглася права на аперацыю па змене полу. У зняволенні Чэлсі Мэнінг прынамсі двойчы спрабавала пакончыць з сабой.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0