Савецкае імпэрыі даўно няма, але дзень 23 лютага ў нас дагэтуль шырока адзначаюць. Сьвежая прапанова «ARCHE» дапаможа шырыць не настальгію па савецкай эпосе, а веды па малавядомай гісторыі Беларусі.
Годным знакам увагі беларускаму мужчыну ў такі час стануць не шкарпэткі, а цікавая кніга!
Ад 21 да 28 лютага ў рамках акцыі па зьніжаных цэнах выстаўляюцца тэматычныя выданьні, прысьвечаныя беларускай вайковай славе!
Вядома, што адным з найбольш нязручных сюжэтаў для савецкае прапаганды была ўзброеная барацьба паміж беларускімі й расейскімі землямі, калі яны ўваходзілі ў склад розных дзяржаў — Вялікага Княства Маскоўскага (будучае Расеі) й Вялікага Княства Літоўскага, якая пасьля Люблінскае ўніі ўтварыла фэдэрацыйную Рэч Паспалітую.
Віктар Цемушаў. На ўсходняй мяжы Вялікага Княства Літоўскага (сярэдзіна XIV — першая палова XVI ст.)
Баявым дзеяньням на ўсходзе Беларусі ў 14-16 ст. і фармаваньню мяжы паміж Расеяй і Беларусяй прысьвечаная манаграфія заўчасна памерлага беларускага гісторыка.
Аўтар піша пра барацьбу Масквы й Вільні за панаваньне над смаленскімі й чарнігаўскімі землямі ў сярэдзіне XIV ст., паходы Альгерда на Маскву, першую памежную вайну ВКЛ з Масквою (1486—1494 гг.), барацьба за Ржэву й ржэўскі адрэзак літоўска-маскоўскай мяжы, літоўска-цьвярскую мяжу, Павугор’е й Верхнюю Аку ў сыстэме абароны Вялікага Княства Літоўскага, а таксама раскрывае іншыя важныя тэмы. Ягоная кніга, што выйшла ў цьвёрдай вокладцы, мае таксама вялікую (на 32 старонкі) каляровую ўкладку - зьмешчаныя ў ёй карты наглядна паказваюць фармаваньне ўсходняе мяжы ВКЛ, а пасьля Беларусі.
Старая цана: 12,9 руб.
Новая цана: 8,99 руб.
ARCHE №12 (133) — 2014. Бітва пад Оршай: месца памяці і канфлікт інтэрпрэтацый
Нумар зьяўляе сабою публікацыю больш чым на 750 старонак з 68 старонкамі каляровага друку, якая рэпрэзэнтуе самы грунтоўны на сёньня набор навуковых ведаў на беларускай мове пра перадгісторыю Аршанскае бітвы, а таксама пра абставіны й хаду самое сечы, ейныя вынікі й значаньне для гісторыі Беларусі ды Эўропы.
У часопісе — больш за два дзясяткі тэкстаў гісторыкаў зь Беларусі, Расеі, Украіны, Літвы й Польшчы. Сярод аўтараў нумару — Генадзь Сагановіч, Кшыштаф Квяткоўскі, Гедымінас Лясмайціс, Уладзімір Канановіч, Конрад Бабятынскі, Стывэн Роўэл, Віктар Якубаў ды іншыя.
Старая цана: 7,9 руб.
Новая цана: 4,99 руб.
Наступныя тры кнігі польскіх гісторыкаў (Кондрата Бабятынскага, Вітальда Бярнацкага і Кшыштафа Касажэцкага) дэталёва раскрываюць абставіны т.зв. Невядомае вайны (сярэдзіны 17 ст.).
Пад увагу трапляюць як пачатковая фаза баявых дзеяньняў, зьвязаная з прыходам казацкіх войскаў на тэрыторыю сучаснае Беларусі ў 1648-1649 гг. ды іхным разгромам войскамі ВКЛ пад камандаваньнем гетмана Януша Радзівіла, так і баталіі 1654-1655 г., у ходзе якіх упершыню ў гісторыі маскоўскае войска захапіла Менск, Вільню, Гародню і Коўна. Нарэшце, апошняе выданьне з гэтае сэрыі асьвятляе акалічнасьці выгнаньня маскалёў зь Беларусі ў 1660-1661 гг.
Вітальд Бярнацкі. Паўстаньне Хмяльніцкага: Ваенныя дзеяньні ў Літве ў 1648—1649 г.
Кніга прысьвечаная падзеям на літоўскім тэатры ваенных дзеяньняў напрыканцы лета й увосень 1648 г. і ўзімку 1649 г., а таксама летняе кампаніі князя Януша Радзівіла, што скончылася ягонай бліскучай перамогай над коннай казацкай арміяй пад Лоевам 30 ліпеня 1649 г.
Пераклад зроблены паводле выданьня: Biernacki, Witold. Powstanie Chmielnickiego. Działania wojenne na Litwie w latach 1648—1649. — Zabrze: Inforteditions, 2006. — 310 s.
Старая цана: 8,9 руб.
Новая цана: 6,9 руб.
Кондрат Бабятынскі. Ад Смаленску да Вільні. Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй (1654—1655 гг.)
Кніга прысьвечаная гісторыі ваеннага канфлікту, у выніку якога ўвосень 1655 г. амаль усю тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага разам зь ягонай сталіцай Вільняй занялі войскі маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча. Гэта быў першы этап вялікай вайны, якая працягвалася ў 1654—1667 гг. і завяршылася толькі Андрусаўскім замірэньнем 31 студзеня 1667 г.
Пераклад з польскай мовы зроблены паводле выданьня: Bobiatyński, Konrad. Od Smoleńska do Wilna. Wojna Rzeczypospolitej z Moskwą1654—1655. — Zabrze: Inforeditions, 2004. — 286 s.
Старая цана: 6,9 руб.
Новая цана: 3,99 руб.
Кшыштаф Касажэцкі. Кампанія 1660 году ў Літве
У кнізе апісваюцца ваенныя дзеяньні паміж Рэччу Паспалітай і Расеяй у 1658—1660 гадох. Яна ахоплівае наезд князя Івана Хаванскага, ягоныя дзеяньні на Наваградчыне, а потым наступ літоўскіх і польскіх войскаў, які дазволіў прагнаць маскоўскія войскі за Дзьвіну й Дняпро. У ягоных рамках знаходзяцца апісаньні бітваў пад Палонкай, на Басі, пад Талачыном і Друцкам.
Пераклад зроблены паводле выданьня: Kossarzecki, Krzysztof. Kampania roku 1660 na Litwie. — Zabrze: Inforteditions, 2005. — 310 s. З дадаткамі і ўстаўкамі аўтара.
Старая цана: 8,9 руб.
Новая цана: 6,9 руб.
Балахоўцы. Сведчанні, дакументы, даследаванні
Аснову зборніка складаюць манаграфічнае дасьледаваньне сучаснага гісторыка Юрася Юркевіча, прысьвечанае спробам стварэньня беларускіх вайсковых фармаваньняў у Балтыі цягам 1919 году, а таксама праца «Балахоўцы», напісаная сучасьнікам падзеяў, польскім афіцэрам Станіславам Лісам-Блонскім у 1920-я гг.
Апрача названых дасьледаваньняў, у кнізе дадаткова зьмешчаныя малаведамыя ўспаміны й дакумэнтальныя сьведчаньні, датычныя жыцьця й дзейнасьці Станіслава Булак-Балаховіча ды ягоных вайсковых фармаваньняў, а таксама сьпіс усіх жаўнераў Асобнага атраду БНР па стане на канец 1919 году.
Старая цана: 9,9 руб.
Новая цана: 5,5 руб.
ARCHE № 5 (138) — 2015. Польшча ў Другой сусветнай вайне
Гэты выпуск апавядае пра беларусаў, якія сустрэлі другую сусьветную вайну ў радох польскага войска, у т.л. баронячы Берасьцейскую крэпасьць ад нямецкае агрэсіі.
Тэматычныя вузлы нумару: гісторыя стварэньня й баявога шляху як рэгулярных вайсковых фармаваньняў, якія дзейнічалі на розных франтох вайны (Нарвэгія, Паўночная Афрыка, Італія), так і партызанскага руху, а таксама ваенна-палітычная сытуацыя ў Польшчы й рэгіёне напярэдадні й у час Другое сусьветнае вайны. Чытачы змогуць даведацца шмат новага пра ўдзел польскіх войскаў у нарвэскай кампаніі 1940 году, у абароне Табрука й у бітве пад Газалой ды пад Монтэ-Касіна, а таксама ў іншых лёсавызначальных падзеях апошняе вялікае вайны.
Старая цана: 6 руб.
Новая цана: 3,99 руб.
Як набыць папяровыя выданьні, можаце знайсці па спасылцы.