«Наша Ніва» працягвае цыкл матэрыялаў пра жыхароў «Драздоў-2» — элітнага пасёлка на ўскрайку Мінска.
Як нам стала вядома, права пабудаваць катэдж атрымаў чарговы чыноўнік — сакратар Рады бяспекі Станіслаў Зась.
Чытайце таксама: Дзяржсакратаром Рады бяспекі стаў Станіслаў Зась — пяць фактаў
15 сотак зямлі ў водаахоўнай зоне «Драздоў-2» дасталіся яму паводле рашэння Мінгарвыканкама №923 (для службовага карыстання) ад 16 сакавіка 2017 года.
Фота Сяргея Гудзіліна.
Фармальным уласнікам зямлі застаецца дзяржава, але Зась атрымлівае надзел у пажыццёвае спадчыннае валоданне — г.зн. пакіне яго дзецям і унукам.
Цікава, што частка надзелу, які дастаўся сілавіку, да нядаўняга часу выкарыстоўваўся ў якасці будаўнічай пляцоўкі тэніснага цэнтра. Яго ўзводзіць наваполацкая кампанія «Інтэрсэрвіс», падкантрольная мільянерам Аляксандру Шакуціну і Мікалаю Вараб’ю. Паводле таго самага рашэння для службовага карыстання, зямлю інвестарам падрэзалі, каб памясціць катэдж Зася.
Чытайце таксама. Сакратар Рады бяспекі: На Дзень Волі ніводны міліцыянт у Мінску не дастаў дубінкі
Каб пачаць будаўніцтва дома, Засю давядзецца пасунуць пабудовы Шакуціна. Фота Сяргея Гудзіліна.
Паколькі сакратар Рады бяспекі не паспеў на асноўную раздачу ўчасткаў чыноўнікам у «Драздах-2», якая адбывалася на працягу 2013—2014 гадоў, яму дасталася зямля з «другой чаргі».
Найбліжэйшай суседкай Зася стане кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава. А з вокнаў будзе відаць амфітэатр, які будуе спявак Анатоль Ярмоленка, а таксама катэджы адстаўнікоў — колішняга віцэ-спікера Савета рэспублікі Міхаіла Матусевіча і экс-старшыні «Белнафтахіма» Аляксандра Бароўскага.
Нагадаем, што зямля пад будаўніцтва катэджаў у Мінску размяркоўваецца наступным чынам: спачатку яе мусяць прапанаваць шматдзетным сем’ям з чаргі. Калі ахвотных няма, надзел выстаўляецца на аўкцыён. Зась атрымаў зямлю па-за гэтымі правіламі.
Ва ўласнасці сям’і Зася застаецца трохпакаёўка плошчай больш за 80 м2 на вуліцы Панамарова ў Мінску.
Дом на вуліцы Панамарова.
Жонка сакратара Рады бяспекі Інэса Зась выкладае на кафедры замежных моваў Педуніверсітэта.
* * *
Станіслаў Зась
Нарадзіўся 18 жніўня 1964 года ў Чарнігаўскай вобласці Украіны. Скончыў Бакінскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню, Вайсковую акадэмію Беларусі, Вайсковую акадэмію Генштаба Узброеных сілаў Расіі. Служыў ва Узброеных сілах, МУС, КДБ, Памежных войсках. З 2008 — намеснік генсакратара Рады бяспекі.