Двое жыхароў Мінска забраліся на тэлевежу вышынёй 350 метраў, якая знаходзіцца ў раёне пасёлка Калодзішчы і знялі працэс на відэа. Пры гэтым яны прайшлі ахову, якая стаіць на ўваходзе на тэрыторыю тэлевежы.

Самі хлопцы называюць свой занятак модным словам «руфінг», а сябе — «руферамі». Такія людзі маюць незвычайнае хобі — залазіць на вышынныя будынкі. Звычайна яны здымаюць відэа для спецыяльных блогаў ў YouTube, перадае belsat.eu.

Тэлевежа ў Калодзішчах забяспечвае лічбавае тэлевяшчанне, рэтранслюючы на Мінск і Мінскую вобласць сігнал усіх дзяржаўных каналаў і радыё. Яна дасягае 350 метраў у вышыню і знаходзіцца пад аховай. За пранікненне на тэлевежу без дазволу прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

«На ўваходзе стаяў пост аховы, нехта з ахоўнікаў хадзіў па тэрыторыі яшчэ. Я нават сам не ведаю, як мы прайшлі іх. Пакуль шукалі, з якога боку лепш забрацца, то стараліся не трапляцца на вочы. Ну, а калі былі ўжо наверсе — не зразумелі, чаму нас не заўважыла ахова», — распавёў адзін з руфераў Іван Л.

Па словах іншага аматара руфінгу, які забраўся на гэтую тэлевежу, паглядзеўшы відэа на YouTube-канал Івана, «ахова ёсць, але яна не глядзіць наогул, сядзіць у сваім белым дамку».

Мы звярнуліся ў прэс-службу РУП «Белтэлекам», бо ў сферу іх адказнасці ўваходзіць кантроль за тэлевежай. Аднак там папрасілі накіраваць пісьмовы запыт, на які не адказалі ні ў дзень звароту, ні на наступны дзень. Прэс-сакратар адзначыла, што хуткі адказ «не гарантуе».

Невядома, ці ўваходзіць тэлевежа ў спіс стратэгічных аб'ектаў, бо гэтага спісу няма ў адкрытым доступе, ён прызначаны для ўнутранага карыстання праваахоўнікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0