Бен Сміт — галоўны рэдактар найпапулярнейшага амерыканскага сайта Buzzfeed. У сваім блогу ён выклаў допіс аб Беларусі 2001 года, калі ён у якасці карэспандэнта Wall Street Journal асвятляў выбары ў нашай краіне.

Бен Сміт. Фота Nytimes.

Бен Сміт. Фота Nytimes.

На той момант Бену Сміту было 24 гады, ён прыехаў у нашу краіну з марай «пабачыць канец гісторыі і росквіт дэмакратыі».

«Краіна тады была вядомая як апошняя дыктатура Еўропы, адсталая дзяржава ў савецкім стылі, якой кіраваў былы калгасны бос Аляксандр Лукашэнка. Карэспандэнты з кожнага буйнога замежнага выдання сабраліся, каб паглядзець канчатковае падзенне камуністычнага даміно», — піша Бен Сміт.

Падчас гэтай паездкі Сміта захапіў Мінскі трактарны завод: гіганцкая ўстанова, дзе працавалі 20 тысяч чалавек. «Завод, верны сваім савецкім караням, вырабляў усё па сваёй логіцы, а не па запатрабаванасці рынку. Трактары чысцілі снег на вуліцах Мінска, трактары стаялі нявыкарыстаныя ў калгасах, бо не было грошай на саляру, а палі аралі коньмі». Кіраўніцтва завода так і не пусціла амерыканца на вытворчасць, хаця ў выніку ён усё адно напісаў артыкул «Трактар у кожнай дзірцы».

Чаму ўвогуле Сміт вырашыў падзяліцца беларускімі ўспамінамі? Бо лічыць, што самыя вялікія памылкі дапусціў менавіта ў нашай краіне.

«Я шмат думаў аб тым, што зрабіў з маладым беларускім актывістам Аляксеем Шыдлоўскім», — кажа Сміт. Актывісту «Зубра» Шыдлоўскаму на той момант было 22 гады, сустрэча праходзіла ў нейкай «паўпадвальнай кавярні». «У любым іншым месцы па-за Беларуссю грубае і фармальнае абслугоўванне здаваліся б савецкімі. Але тут усяго праз 10 гадоў пасля падзення СССР — гэта было занадта рана для настальгіі».

«Ён быў яўна скандаліст, малады хакеіст у чорнай скураной куртцы. Ягоная англійская была настолькі ж кепская, як мая руская, таму мы стасаваліся на сумесі дзвюх моваў», — піша Сміт.

Ён адзначае, што Шыдлоўскі быў больш шчырым, чым большасць іншых апазіцыянераў. У такой размове ён адзначыў, што рэгулярна ездзіць у Польшчу, каб атрымаць там грошы, якія прыходзяць яго арганізацыі ад урада ЗША. «Гэта была самая гучная навіна, якую я атрымаў, працуючы журналістам», — адзначае журналіст.

У выніку Бен Сміт са сваім артыкулам трапіў на трэцюю старонку Wall Street Journal, дзе пісалася наступнае: «Аляксей Шыдлоўскі — сучасны еўрапейскі рэвалюцыянер, яго зброя — налепкі і вулічныя акцыі. Ягоны праціўнік — савецкі, аўтарытарны прэзідэнт. І большая частка фінансавання апазіцыйнай моладзі ідзе ад урада ЗША: «Яны пераводзяць грошы ў еўрапейскія банкі ў Польшчы, мы вывозім іх». Сміт адзначае, што публікацыя была праўдзівай і нязручнай для амерыканскіх уладаў, бо яны хацелі гэта схаваць.

На адным з наступных прыёмаў у амерыканскіх пасольстве адзін з дыпламатаў Джон Кунстадтэр абвінаваціў Бена Сміта ў безадказнасці. Маўляў, Шыдлоўскага пасля таго інтэрв’ю збілі і арыштавалі. «На працягу многіх гадоў я думаў пра Шыдлоўскага, турбуючыся аб тым, што з ім стала».

«Мы гулялі па пустых бульварах, дзівіліся на помнікі Леніну і Дзяржынскаму. Я жыва згадваю наведванне сельскай крамы, асартымент якой складаўся з засохлых баклажанаў. Кожны з нас мог адчуць магію СССР. Мы атрымлівалі асалоду ад апошняй дыктатуры Еўропы», — дзеліцца ўспамінамі Сміт.

Што тычыцца саміх выбараў, то амерыканскі журналіст бязлітасны. «Гэта быў разгром. ЗША аб’ядналі раздробленую апазіцыю вакол сумнага кампраміснага кандыдата, старэючага прафсаюзнага лідара Уладзіміра Ганчарыка, у якога ніколі не было шанцаў». Але ніхто і не верыў, што праз 16 гадоў пасля тых падзеяў Лукашэнка ўсё яшчэ будзе кіраваць Беларуссю.

Сямён Домаш і Уладзімір Ганчарык (справа).

Сямён Домаш і Уладзімір Ганчарык (справа).

Згадка пра МТЗ была невыпадковай. Аўтар кажа, што там вырабляліся і пускавыя ўстаноўкі для Пакістана. Намякае, што нешта маглі рабіць і для Ірака.

Летась Бен Сміт пачаў гугліць імя Аляксея Шыдлоўскага. Пасля чаго знайшоў, што той цяпер жыве ў Празе, працуе ў гатэлі. Пасля таго інтэрв’ю ў 2001 годзе ён не трапіў у турму, як пераконваў адзін з супрацоўнікаў пасольства ЗША. Сміт шмат разоў выходзіў на Кунстадтэра, але так і не атрымаў ад яго адказу, чаму ў той дзень ён так сказаў.

Аляксей Шыдлоўскі пракаментаваў для «НН» матэрыял Бена Сміта. Ці сапраўды існаваў такі канал перадачы грошай з ЗША ў Польшчу для «Зубра»? «Не альбо я пра яго нічога не ведаю».

«Я пра тое, што інтэрв'ю ў 2001 годзе выйшла і пра што я там быццам бы казаў, даведаўся аж цяпер. Была размова ў рэстаране «Грунвальд» пад вячэру і піва. Я амаль не ведаў ангельскай, ён ведаў толькі ангельскую. Таму, думаю, такія вынікі «інтэрв'ю», — сказаў Аляксей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?