Штэфан Пэцнэр і Ёрг Гайдэр.
Аказалася, што культавы лідэр аўстрыйскай правіцы, змагар супраць імігрантаў і ісламу, вёў падвойное прыватнае жыцьцё. І нават перад тым як разьбіцца, ён выпіваў у гей‑пабе.
Пераемнік лідэра аўстрыйскіх крайне правых Ёрга Гайдэра, што загінуў у аўтакатастрофе, Штэфан Пэцнэр абвесьціў, што быў з сваім босам у «нязвыклых узаемаадносінах», — піша аўстрыйская прэса.
Гэта адбылося пасьля таго як 27‑гадовы Пэцнэр быў зацьверджаны лідэрам Альянсу за будучыню Аўстрыі — партыі, якую гэтыя палітыкі прывялі ў парлямэнт.
Пэцнэр пазнаёміўся з Гайдэрам пяць гадоў таму, працуючы журналістам. Пэцнэр прызнаўся, што адчуў «чароўную цягу» да палітыка, старэйшага за яго на 31 год. Зь ягоных словаў, Гайдер трохі перажываў празь іхную розьніцу ў гадах.
«Ён быў мужчынам майго жыцьця», — кажа Пэцнэр.
Плёткі пра бісэксуалізм Гайдэра зьявіліся ў прэсе гадоў 10 таму, але тады так і засталіся плёткамі.
Сьледзтва выявіла, што перад сваёй апошняй паездкай Гайдэр выпіваў у гей‑пабе.
Пэцнэр расказаў пікантныя дэталькі іхнага жыцьця: зь ягоных словаў,
раман з партыйным намесьнікам «не перашкаджаў Клаўдыі», жонцы Гайдэра. «Яна кахала яго як жанчына. Ён кахаў яе як мужчына. Я кахаў яго зусім інакшым, асабістым чынам —яна тое разумела», — апавядае палітык.