Магілёўская міліцыя шукае траіх непаўнагадовых хлопцаў: Івана Янкоўскага, Аляксея Астапенку і Кірыла Макара. Янкоўскаму і Астапенку па 17 гадоў, Макару — 16. 24 верасня яны разбілі шыбу на першым паверсе абласной псіхіятрычнай бальніцы і збеглі.
Іван Янкоўскі
У бальніцы хлопцы былі на абследаванні. Усе яны вучні сярэдне-спецыяльных устаноў.
Аляксей Астапенка
Хлопцы збеглі ў бальнічных піжамах і сланцах.
Кірыл Макар
«Непаўналетнія наўмысна хаваюцца ад супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, схільныя да ўхілення ад праходжання навучання, здзяйснення злачынстваў і бадзяжніцтва. Па нашай інфармацыі, яны накіраваліся ў Расію», — паведамляюць міліцыянты.
Адзін з хлопцаў, Іван Янкоўскі, нядаўна ўжо збягаў у Расію з лагера пад Амсціславам. Яго з двума сябрамі знайшлі на будоўлі ў Маскве. Хлопцы ўладкаваліся на працу падсобнікамі. Янкоўскі — вучань спецвучэльні №2, куды трапіў за крадзяжы. Спецвучэльня «праславілася» тым, што кіраўніцтва збівала дзяцей. На дырэктара і двух яго намеснікаў завялі крымінальныя справы.