13 кастрычніка а 16-й у Мінск прыляцеў патрыярх Маскоўскі Кірыл.
Кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы мае ўзяць удзел у пасяджэнні Сіноду РПЦ, якое пройдзе 15 кастрычніка ў сталіцы Беларусі.
У аэрапорце Кірыла сустракалі старшыня Камітэта па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел.
У кароткім слове па прылёце патрыярх блаславіў беларускую зямлю і адзначыў, што падчас Сіноду неабходна будзе адрэагаваць на сітуацыю ва Украіне.
«Спадзяюся, што праваслаўная царква знойдзе ў сабе сілы пераадолець тыя крызісныя з'явы, якія існуюць, захаваць сваё адзінства», — адзначыў ён.
У суботу ўвечары патрыярх Кірыл узначаліць богаслужэнне ў Свята-Духавым кафедральным саборы Мінска а 18-й.
«Адказ Сінода Рускай праваслаўнай царквы па рашэннях Канстанцінопальскага патрыярхату адносна Украіны будзе адэкватным і жорсткім».
Пра гэта сказаў у суботу журналістам прэс-сакратар патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла святар Аляксандр Волкаў з нагоды візіту кіраўніка РПЦ у Беларусь, паведамляе tass.ru.
Разам з тым Волкаў не змог сказаць, якія канкрэтныя рашэнні будуць прынятыя.
«Сінод выкажа недвухсэнсоўную пазіцыю адносна тых рашэнняў, якія былі прынятыя ў Стамбуле», — сказаў ён.
Прэс-сакратар патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі дадаў, што Украінская праваслаўная царква з'яўляецца адзінай кананічна прызнанай і працягне сваё служэнне.
На пасяджэнні Сінода 9—11 кастрычніка Канстанцінопальскі патрыярхат «пацвердзіў рашэнне аб тым, што пачынае прадастаўленне аўтакефаліі Царкве Украіны і адмяняе рашэнне 1686 года аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад юрысдыкцыю Маскоўскага патрыярхату».
Таксама было прынята рашэнне зняць анафему з кіраўнікоў дзвюх некананічных цэркваў на Украіне — Філарэта з Кіеўскага патрыярхату і Макарыя з Украінскай аўтакефальнай царквы. Было абвешчана аб жаданні вярнуць Кіеўскую мітраполію пад юрысдыкцыю Сусветнага патрыярхату.