Для сельскагаспадарчых арганізацый і іншых структурных падраздзяленняў, якія выконваюць работы, звязаныя з вытворчасцю сельгаспрадукцыі, дызельнае паліва будзе пастаўляцца афарбаваным у зялёны колер, а аўтамабільны бензін "Нармаль-80" — у сіні.Такое рашэнне, паводле інфармацыі прэс-службы ўрада, утрымліваецца ў пастанове Савета міністраў № 1917 ад 12 снежня. Яно набывае моц праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.
Як зазначыла прэс-служба, выкарыстанне прызначаных для гэтых мэтаў фарбавальнікаў адпавядае ўстаноўленым патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў. Падобная практыка існуе ва ўсім свеце.
У Беларусі афарбоўка дызпаліва і бензіну, што пастаўляюцца ў сельгасарганізацыі, будзе праводзіцца прадпрыемствамі, якія ажыццяўляюць аптовы продаж нафтапрадуктаў. Кожная партыя афарбаванага паліва будзе суправаджацца дакументам аб якасці, які сведчыць адпаведнасць гэтага паліва патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў.
У розніцы каляровае паліва прадавацца не будзе. Афарбоўванне дызельнага паліва і аўтабензіну прымяняецца з мэтай прадухілення масавых крадзяжоў.
Таму работнікі міліцыі будуць мець права праверыць, да прыкладу, якім палівам запраўлены той ці іншы прыватны аўтамабіль.