Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Аксана Няхайчык прапанавала, каб школьнікі карысталіся не мабільнікамі, а смарт-гадзіннікамі.
Аксана Няхайчык. Фота house.gov.by
Гэтак яна пракаментавала агенцтву «Мінск-Навіны» ідэю Міністэрства адукацыі абмежаваць выкарыстанне ў школах мабільных тэлефонаў.
«Лічу, гэта правільны і, бясспрэчна, карысны падыход. Вучні малодшых класаў праводзяць перапынкі, уткнуўшыся ў экраны смартфонаў, старшакласнікі нярэдка «вісяць» у інтэрнэце нават падчас урокаў. Абмежаванне карыстання мабільнымі дазволіць засцерагчы дзяцей ад некантраляванага наведвання сеціва.
Безумоўна, многія мамы і таты імкнуцца пастаянна быць на сувязі са сваім дзіцём, удакладняць яго месцазнаходжанне. Але ў гэтым канкрэтным выпадку мабільніку ёсць годная альтэрнатыва — смарт-гадзіннікі, якія дазваляюць кантраляваць знаходжанне дзіцяці ў любым пункце горада.
Адзінае пытанне, якое неабходна старанна прапрацаваць, — гэта абсталяванне месцаў для захоўвання гаджэтаў».
***
Смарт-гадзіннік — наручная прылада, якая не толькі дазваляе сачыць за часам, але і мае дадатковыя функцыі. Напрыклад, падлічвае колькасць пройдзеных крокаў, мае камеру. Аднак смарт-гадзіннікі ўсё адно звычайна прывязаныя да мабільніка.
***
52-гадовая Аксана Няхайчык — дэпутатка ад сталічнага мікрараёна Шабаны. Працавала настаўніцай фізікі, пасля завучам у мінскіх школах. Далей рабіла кар'еру ва ўпраўленні адукацыі адміністрацыі Заводскага раёна Мінска, узначальвала раённую арганізацыю «Белай Русі».