Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў Міністэрству замежных спраў распрацаваць механізм давання ўкраінскага грамадзянства як другога этнічным украінцам з дружалюбных краін, а таксама іншаземцам, чые правы і свабоды на іх радзіме парушаныя.
«Офіс Прэзідэнта Украіны з сумам і абурэннем сустрэў навіну пра падаўжэнне арышту 24 украінскім маракам, а таксама падпісанне прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі ўказа аб спрошчаным парадку давання ўкраінцам расійскага грамадзянства. Мы разумеем, што ён накіраваны на нашых грамадзян, якія вымушаныя пражываць на часова акупаваных тэрыторыях», — гаворыцца ў паведамленні.
«Са свайго боку прэзідэнт Украіны даручае МЗС распрацаваць механізм давання ўкраінскага грамадзянства як другога для этнічных украінцаў з дружалюбных нам краін, якія імкнуцца далучыцца да развіцця сваёй гістарычнай радзімы. Таксама Уладзімір Зяленскі даручае распрацаваць механізм спрошчанага давання ўкраінскага грамадзянства людзям, якія пакутуюць ад парушэння правоў і свабод у сваіх краінах», — гаворыцца ў паведамленні.
Нагадаем, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 17 ліпеня спрасціў атрыманне грамадзянства Расіі для ўсіх жыхароў Данецкай і Луганскай абласцей. Раней спрошчаны парадак дзейнічаў толькі для жыхароў так званых «ДНР» і «ЛНР».