Беларусь не можа не заўважаць, што расійскі бізнэс выводзіць капітал з нашай краіны. Пра гэта заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч у праграме «Маркаў. Нічога асабістага» на АНТ, паведамляе Еўрарадыё.
«Тое, што частка чыстага прыбытку выводзіцца матчынымі кампаніямі, не супярэчыць нашым дамоўленасцям з расійскім бізнэсам, не супярэчыць нашаму нацыянальнаму заканадаўству, не супярэчыць міжнароднаму праву. Але пажадана, каб прыбытак, зароблены тут, накіроўваўся ў першую чаргу на развіццё тых вытворчасцей і магутнасцяў, якія ствараюць гэты прыбытак. У першую чаргу павінна быць рэінвеставанне», — агучыў сваё меркаванне Мясніковіч.
Гаворка ішла пра такія кампаніі, як ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь», МТС, Брэстгазаапарат ды шэраг іншых.
Гаворачы пра беларуска-расійскія адносіны, ён заявіў, што няма неабходнасці пераглядаць дамову пра саюзную дзяржаву. На думку Мясніковіча, беларуская і расійская працоўныя групы, якія абмяркоўваюць гэтую праблематыку, да 8 снежня рэальна могуць зняць усе пытанні.
А вось уводзіць адзіную валюту Мясніковіч на сёння неабходнасці не бачыць, бо няма роўных умоваў для суб'ектаў гаспадарання і ўніфікаванага заканадаўства. «Гэта будзе проста халасты стрэл, калі нават не горш. Гэта можа быць на шкоду», — мяркуе ён.