Амерыканка Джэніфер Халер, якая стала першым чалавекам у свеце, на кім выпрабавалі эксперыментальную вакцыну ад каранавіруса COVID-19, у інтэрв'ю The Telegraph распавяла аб перанесеных адчуваннях.

Па словах 44-гадовай пацыенткі, якая зараз знаходзіцца ў ізаляцыі ў Сіэтле, штат Вашынгтон, ёй зрабілі ін'екцыю ў левае плячо. Працэдура доўжылася ўсяго некалькі секунд.

«У першы дзень у мяне была злёгку падвышаная тэмпература. На другі дзень у мяне моцна балела рука. Але на гэтым усё — затым усё было ў парадку», — расказала яна. Па словах Халер, працэс уводу ін'екцыі быў падобны на звычайную вакцынацыю ад грыпу.

Як адзначае выданне, на наступным тыдні Халер павінны ўвесці другую дозу вакцыны. Пад наглядам дактароў яна будзе знаходзіцца на працягу года.

The Telegraph піша, што гэтая вакцына атрымала назву мРНК-1273. Яна была распрацавана Нацыянальным інстытутам алергіі і інфекцыйных захворванняў у Сіэтле. Спачатку яе пратэставалі на жывёлах; вынікі былі перспектыўныя, пасля чаго было прынята рашэнне апрабаваць яе на чалавеку.

Для выпрабавання былі адабраныя 45 добраахвотнікаў. Кожнаму ўвядуць па дзве ін'екцыі адной і той жа дозы з інтэрвалам у 28 дзён. Пры гэтым дозы будуць адрознівацца па аб'ёме (25, 100 і 150 мікраграмаў). За станам здароўя добраахвотнікаў, якія вырашылі ўзяць удзел у тэставанні, будуць назіраць да вясны 2021 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0