Чытачы «Нашай Нівы» паведамілі, што Мінскую абласную клінічную бальніцу ў Бараўлянах перапрафілююць пад прыём каранавірусных хворых.
Адно з аддзяленняў Мінскай абласной бальніцы. Фота minsk-okb.by
Бальніца ў Бараўлянах — вялізны комплекс. У ёй 24 аддзяленні і амаль тысяча ложкаў. «Наша Ніва» звярнулася да адміністрацыі з просьбай патлумачыць, колькі месцаў будзе выдзелена пад пацыентаў з каранавірусам.
«Пакуль мы іх не прымаем. Але працуем у рэжыме гатоўнасці. Больш каментаваць я не ўпаўнаважаны», — адказаў галоўны доктар бальніцы Аляксандр Лінкевіч.
Перапрафіляванне Мінскай абласной бальніцы можа азначаць, што ранейшых 18,6 тысяч ложкаў, выдзеленых пад шпіталізацыю цяжкіх выпадкаў COVID-19, ужо не хапае.