Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч у судзе
Сёння, 28 верасня, галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча выклікалі да 10:00 у суд Заводскага раёна па адміністрацыйнай справе.
Яго жонка, журналістка Адар’я Гуштын, лічыць, што гэта можа быць справа па факце ягонага затрымання ўначы з 10 на 11 жніўня, калі спецназаўцы выцягнулі яго з машыны, закінулі ў аўтазак, збілі, ноч трымалі на зямлі каля Заводскага РУУС, а пасля перавезлі ў жодзінскую турму. Агулам ён тады правёў за кратамі паўтара сутак.
Нагадаем, Ягор Марціновіч быў затрыманы раніцай 23 верасня па справе аб нібыта паклёпе (арт. 188 КК) у адносінах да намесніка міністра ўнутраных спраў Барсукова. Ён правёў ў ІЧУ на Акрэсціна трое сутак і быў выпушчаны на свабоду. Ягор застаецца ў статусе падазраванага па гэтай крымінальнай справе.
Як расказаў Ягор Марціновіч, рашэнне аб завядзенні крымінальнай справы ў адносінах да яго было прынята ў панядзелак, 21 верасня. Тады як позва з суда Заводскага раёна па адміністратыўнай справе датуецца 22 верасня.
11 жніўня Ягор Марціновіч быў затрыманы ва ўласнай машыне, калі каля 2-й гадзіны ночы ехаў забіраць сваю жонку, журналістку TUT.BY Адар'ю Гуштын, што працавала цэлы вечар каля метро «Пушкінская», дзе ў той дзень адбываліся пратэсты супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
Жонка Ягора Марціновіча Адар'я Гуштын (злева). А справа — ягоная маці, вядомая журналістка, пісьменніца і мастацтвазнаўца Таццяна Мушынская
Сутычак і дэманстрацый у момант затрымання ўжо не адбывалася.
Асобы з аўтаматамі, якія затрымлівалі Марціновіча, праігнаравалі ягонае журналісцкае пасведчанне.
Машына засталася стаяць на праезнай частцы з адкрытымі дзвярыма. Выпадкова аўтамабіліст пабачыў яе, спыніўся і адбуксіраваў у суседні двор. Там яна прастаяла не замкнёнай амаль два дні. Нічога пры гэтым з яе не прапала — ні ноўтбук, нічога.
Больш за 36 гадзін ані сям'я, ані калегі не ведалі, што здарылася з Марціновічам. Урэшце 12 жніўня ён знайшоўся ў ізалятары Жодзіна і яго адпусцілі. Яму сказалі, што яго адпускаюць па рашэнні міністра ўнутраных спраў Караева. Аўтамабілем МУС яго даставілі з Жодзіна ў Мінск.
Інтарэсы Ягора Марціновіча ў судзе рэпрэзентуе адвакат Сяргей Зікрацкі.
Разглядае адміністрацыйную справу суддзя Алена Някрасава.