На пасяджэнні выканкама Федэрацыі хакея Беларусі, якое прайшло ў Мінску 19 мая, старшыня федэрацыі, былы міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў не паставіў пытанне аб даверы яму.

"У мяне быў гэты пункт у парадку дня, але я пасаромеўся", — патлумачыў журналістам У.Навумаў пасля заканчэння пасяджэння.

Паводле слоў кіраўніка ФХРБ, яго збіла з толку рашэнне выканкама ўзнагародзіць яго прызам "За вялікі ўклад у развіццё хакея" па выніках сезона-2007/08.

У.Навумаў заявіў, што пра сваю далейшую работу ў хакеі і на дзяржаўнай службе будзе гатовы гаварыць у верасні.

На пасаду кіраўніка ФХРБ У.Навумаў быў упершыню абраны ў 2001 годзе. Апошняя справаздачна-выбарная канферэнцыя федэрацыі адбылася 19 красавіка 2008 года.

***

6 красавіка гэтага года Аляксандр Лукашэнка прыняў адстаўку У.Навумава з пасады міністра па стане здароўя. У той жа дзень на прэс-канферэнцыі ў Мінску з нагоды старту юніёрскага чэмпіянату свету па хакеі ў групе "А" першага дывізіёна былы кіраўнік МУС заявіў, што не каментуе сваю адстаўку, а са сваёй будучыняй у хакеі вызначыцца пасля 15 мая, калі зборная выступіць на чэмпіянаце свету-2009 і будзе разгледжана заяўка Беларусі на арганізацыю ЧС-2014. Каманда заняла выніковае восьмае месца, а краіна атрымала права правесці сусветнае першынство.

14 мая на прэс-канферэнцыі з нагоды перамогі беларускай заяўкі на выбарах У.Навумаў заявіў, што на пасяджэнні выканкама федэрацыі мае намер паставіць пытанне аб даверы яму.

"Хачу даведацца ў членаў выканкама іх бачанне кіраўніцтва федэрацыі", — патлумачыў У.Навумаў. Пра работу на іншых пасадах, акрамя старшыні ФХРБ, былы міністр унутраных спраў "да верасня не хацеў бы думаць".

"Я выйшаў з дастаткова складанага псіхалагічнага стану. Заяўка на чэмпіянат свету падарвала сілы яшчэ больш. Хацелася б думаць пра адпачынак", — сказаў У.Навумаў.

Дзмітры Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0