Суддзя Аляксандр Рыбакоў прызнаў яго вінаватым у абразе прадстаўніка ўлады і арганізацыі і падрыхтоўцы групай асоб дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкулы 369 і 342), паведамляе Радыё Свабода

Раней пракурор Аляксандр Ляўковіч казаў, што ў сваіх відэароліках Няронскі публічна заклікаў да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах у Слуцку, Мазыры, Берасці і Бабруйску. А група асоб — гэта Сяргей Ціханоўскі і Мікалай Статкевіч. Сувязь Няронскага з імі, на думку пракурора, даказаная тым, што тэлефон Статкевіча быў у запісной кніжцы Няронскага, а Ціханоўскі стварыў яму акаўнт.

Няронскага таксама абвінавацілі ў абразе старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага (арт. 369, пакаранне паводле гэтага артыкула не прадугледжвае пазбаўлення волі).

Адвакат палітвязня Сяргей Лепеш прасіў апраўдаць Няронскага, бо на судзе не было даказана ягонага злачынства паводле артыкула 342. На думку адваката, аўтар абвінавачання «абмежаваўся толькі агульнымі фразамі», якія носяць «выключна ацэначны характар» і сведчаць хутчэй пра «яго стаўленне да Няронскага, а таксама Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца і Сяргея Ціханоўскага».

Палітвязень прызнаў сябе вінаватым у абразе старшыні Слуцкага райвыканкама Янчэўскага, а паводле другога артыкула абвінавачання — не.

Пасля прысуду палітвязень звярнуўся да сваёй дачкі: «Дачушка, будзь разумніцай. Я цябе вельмі люблю»

Праваабаронцы лічаць, што крымінальны пераслед Няронскага мае выключна палітычныя матывы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0