Фота «Радыё Свабода»
У судзе Цэнтральнага раёна Мінска 26 лютага вынеслі прысуд 26-гадоваму палітвязню Яўгену Дзмітрыеву. Абвінавачанне паводле 364 артыкула (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) знялі, яму прызначылі два гады калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (Удзел у масавых беспарадках) за падзеі 4 кастрычніка, калі быў зламаны вадамёт, паведамляе spring96.org.
Суддзя — Юлія Густыр, дзяржабвінавачванне — памочнік пракурора Цэнтральнага раёна Арцём Цвяткоў. Пацярпелымі па справе прызнаныя кіроўцы вадамёта Мікалай Глхатарэнка і Яўген Лашкоўскі.
Паводле абвінавачвання, Яўген Дзмітрыеў 4 кастрычніка быў на несанкцыянаваным мерапрыемстве, дзе стаяў у счэпцы з іншымі грамадзянамі, выходзіў на праезную частку, г. зн. прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, чым здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Яўген Дзмітрыеў віну па арт. 364 КК не прызнаў, а па арт. 342 — прызнаў цалкам.
У апошнім слове ён сказаў: «Я не дрэнны чалавек і ўжо сапраўды не злачынец. Працаваў у структуры МНС пажарным выратавальнікам. Я першы раз у жыцці спатыкнуўся і абавязваюся больш так не паступаць. Хачу звярнуцца да тых, хто прыйшоў сёння мяне падтрымаць, тым, хто падтрымліваў мяне і дапамагаў увесь гэты час: дзякуй усім велізарнае за ўсё, што вы для мяне робіце, ведайце, што я вас усіх вельмі моцна люблю і моцна вас усіх абдымаю, памятаеце, што ніхто не забыты і нішто не забыта. Быць дабру!»