Юрась Зянковіч, фота Сяргея Гудзіліна
«У Расіі яго затрымалі, фактычна скралі, з маскоўскага гатэля Nordic Rooms Hotel. Яго затрымалі 11 красавіка, але я даведалася пра гэта толькі ўчора. Я размаўляла з менеджарам гатэля. Паводле яго, супрацоўніца гатэля бачыла з акна, як людзі ў цывільным скруцілі Юрася і затрымалі. Яны сказалі: мы яго забіраем, ён падазраецца ў тэрарызме. Яны памахалі пасведчаньнем, сказалі, што са спецслужбаў. Потым яшчэ пару чалавек прыйшлі ў яго нумар і забралі ўсе рэчы», — расказала Алена Дзенісавец.
Паводле жонкі, цяпер Юрась Зянковіч у турме КДБ у Мінску.
Чытайце таксама. КДБ пацвердзіў інфармацыю аб затрыманні Кастусёва і Фядуты
«Сёння са мной зьвязаўся дзяржаўны адвакат Павал Ульянцаў. Ён сказаў, што хоча, каб я аплаціла яго паслугі Юрасю. Я напісала электронны ліст з маімі пытаньнямі. Ён мне не адказаў. Але праз некалькі гадзін ён зноў мне патэлефанаваў і сказаў, што Юрася забралі беларускія спецслужбы ў Маскве. Я сказала: вы разумееце, што беларускія спецслужбы ўварваліся ў чужую краіну, выкрадаюць людзей? Ён адказаў: я не магу з вамі пра гэта размаўляць».
Чытайце таксама. Пасля 9 жніўня ў ізалятары ў Мядзелі галадае адвакат Юрась Зянковіч
Хто такі Юрась Зянковіч
- Юрась Зянковіч — юрыст беларускага паходжаньня, ад 2007 году жыве ў Злучаных Штатах Амэрыкі.
- Да эміграцыі быў адным з рэгіянальных лідэраў Партыі БНФ і дэпутатам Мінскага раённага і Ждановіцкага сельскага саветаў. Працаваў журналістам як у беларускіх, так і ў замежных выданьнях.
- Атрымаў адукацыю на юрыдычным факультэце ва Украінскай акадэміі банкаўскай справы. У Нью-Ёрку скончыў юрыдычную школу пры Ўніверсітэце Фордхэм (Fordham University School of Law), здаў экзамен на званьне адваката і атрымаў ліцэнзію.
- Уладальнік некалькіх юрыдычных офісаў, стала жыве ў Х’юстане.
- Пастаянна наведвае Беларусь, спрабаваў вылучацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і заяўляў пра прэзідэнцкія амбіцыі.
- Падчас пратэстаў у жніўні 2020 году быў асуджаны на 10 сутак арышту, адбываў іх у ізалятары Мядзельскага РАУС, трымаў там галадоўку пратэсту.