«Славянскі базар у Віцебску» — гэта галоўнае фестывальнае свята ў Беларусі і найбуйнейшы фестывальны праект у Еўропе», заявіў 10 ліпеня на прэс‑канферэнцыі ў Віцебску, прысвечанай адкрыццю XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», міністр культуры Беларусі Павел Латушка.

Паводле яго меркавання, «вельмі важна, што на фестывалі побач будуць выступаць і прадстаўляць сваю культуру беларускія, расійскія, украінскія, замежныя зоркі».

Як паведаміў міністр культуры, сёння ў Віцебску адбудзецца адкрыццё Алеі лаўрэатаў спецыяльнай прэміі прэзідэнта Беларусі — «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення».»Мы спадзяёмся, што найбліжэйшым часам гэтай узнагароды будуць удастоеныя і прадстаўнікі беларускай эстрады, мастацтва, якія ўнеслі значны ўклад у культуру славянскіх народаў», — сказаў Латушка.

Некалькі фестывальных мерапрыемстваў міністр культуры адзначыў асабліва. Так, выставу «Сто работ Марка Шагала» ён назваў унікальнай. На гэтай экспазіцыі, якая адкрыецца сёння ў Мастацкім музеі Віцебска, будуць прадстаўлены афорты знакамітага мастака да паэмы Мікалая Гогаля «Мёртвыя душы», перададзеныя ў дар Беларусі маскоўскім незалежным дабрачынным фондам «Трыумф — новае стагоддзе». Латушка таксама паведаміў, што ў віцебскім Мастацкім музеі адбудзецца ўрачыстая перадача сямі копій карцін рускага жывапісца Ільі Рэпіна.

Нядаўна прызначаны міністр культуры быў адзіным удзельнікам прэс‑канферэнцыі, хто звярнуўся да журналістаў з прывітальным словам на беларускай мове. Ён таксама выказаў удзячнасць органам дзяржаўнага кіравання, віцебскім уладам, Цэнтру культуры «Віцебск» і ўсім, хто ўдзельнічае ў арганізацыі «Славянскага базару».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?