Яўген Бандарчык. Фота тут і далей: сацыяльныя сеткі
«Ладдзю роспачы» мужчына выкупіў у канцы мінулага года. Расказвае пра пошукі:
«Мой знаёмы, які займаецца беларускай культурай, сказаў, што такі рукапіс ёсць. Але ён не ведаў, у якім месцы дакладна. Сам рукапіс быў страчаны на нейкі час. Як высветлілася пазней, ён трапіў у ненадзейныя рукі. Чалавек вывез яго за горад і пакінуў у прыватным доме ў дальнабойшчыка».
Яўген са сваім знаёмым сабраў грошы, каб выкупіць рукапіс Уладзіміра Караткевіча. Дакладную суму, якую ім прыйшлося заплаціць, мужчына не называе. Кажа, што яна была невялікай.
«Чалавек, у якога быў рукапіс, не прызнаваўся, што мае яго. Але праз нейкі час усё ж пагадзіўся аддаць яго за грошы. Я ні хвіліну не сумняваўся, адразу пагадзіўся выкупіць.
Думаю, што калі б ён першапачаткова ведаў, колькі мы дамо, то яго б не прынёс. У нас была малая сума.
Той чалавек не быў дасведчаны ў беларускай культуры. Ён проста ведаў, што гэта Караткевіч. І, магчыма, чакаў нейкіх лепшых часоў ці ўдалых абставін, каб рукапіс прадаць», — тлумачыць ён.
Цяпер рукапіс Караткевіча знаходзіцца ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры. «Сказалі, што гэта адзін з самых значных экспанатаў», — дадае мужчына.
Увогуле пошук і збор культурных каштоўнасцяў — гэта хобі мужчыны. Ягоныя бабуля і дзядуля збіралі кнігі, і Яўген з дзяцінства цікавіўся імі. А гады тры таму паглыбіўся ў вывучэнне беларускіх кніг.
Акрамя «Ладдзі роспачы» Караткевіча, 30-гадовы Яўген Бандарчык сабраў і перадаў у музей не адну кнігу з аўтографамі беларускіх аўтараў, а таксама фотаздымкі, дакументы і лісты.
«Усё гэта зроблена пры ўдзеле многіх людзей, якія мне дапамагалі ў гэтым. З каштоўных прадметаў — карціны, напісаныя Арленам Кашкурэвічам, Аляксеем Марачкіным. Працы былі ў вельмі дрэнным стане, з нейкім староннім пахам палатна. Але я рады, што яны аказаліся ў музеі. Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць падзяку Ірыне Скок, загадчыцы архіва літаратурнага музея. Яна вельмі старанна апісвала ўсе прадметы. І дапамог праект «Куфар старажытнасцяў», — расказвае ён.
Думак узяць рукапіс у сваю асабістую калекцыю ў Яўгена не было. Хаця такая калекцыя ў яго ёсць.
«Там прадметы, якія, на маю думку, не настолькі значныя для беларускай культуры. У многіх з іх няма аўтографаў, подпісаў, знакавых адзнак эпохі. У асноўным я збіраю старыя кнігі.
На мой погляд, такія прадметы можна калекцыянаваць, а рэчы, якія маюць значнасць культурную, у адзінкавых экзэмплярах, я лічу, трэба перадаваць у музей. Заклікаю ўсіх, хто датычны да нейкага доступу да беларускай культуры, збіраць такія рэчы».
Два тыдні таму Яўген пераехаў у Грузію. У Мінску мужчына чатыры гады працаваў цырульнікам.
На пытанне, чаму ён, гісторык па адукацыі, вырашыў змяніць прафесію, хлопец адказвае, што яму хацелася мець працу, якая заўсёды будзе запатрабаваная. Таму і пайшоў на курсы цырульнікаў.
«Стрыгчыся ўсім і заўсёды трэба. Стаў мужчынскім майстрам. Так супала, што мой цырульнік расказаў мне, што збіраецца рабіць курсы, і я вырашыў паспрабаваць. У гэтай сферы, вядома, курсы даюць толькі агульную базу, умееш ты нешта рабіць толькі пасля года працы.
Адкрыў з кампаньёнам сваю цырульню эканом-класа ў Мінску. Яна зараз працягвае працаваць. Я стараюся дапамагаць, наколькі гэта магчыма. Сам асабіста я там не працаваў, мы наймалі людзей».
Пераезд у Грузію — іх сумеснае з дзяўчынай рашэнне. Падумалі, што пакуль жыццё тут для іх — аптымальны варыянт.
«Калі я прыехаў у Тбілісі, мне сказалі, што тут людзі знаходзяць свайго майстра і ходзяць да аднаго. Складана перавабліваць кліентаў. Я ўладкаваўся ў салон, пачаў даваць рэкламу, папрасіў некаторых знаёмых распаўсюдзіць інфармацыю пра мяне», — дзеліцца ён.
У Грузіі Яўген таксама працягвае шукаць культурныя каштоўнасці, звязаныя з Беларуссю. Ён хадзіў на мясцовую барахолку, знайшоў там дарэвалюцыйны фотаздымак салдата, які быў зроблены ў Гродне.
«Я яго купіў, спадзяюся, што будзе яшчэ нешта. Калі бачу тут старыя кнігі, пытаюся, ці ёсць нешта беларускае, але вельмі рэдка такое бывае.
Прашу людзей, у якіх ёсць нейкія фінансавыя магчымасці, займацца такой справай. Але перш чым вывозіць антыкварыянт з якой-небудзь краіны, азнаёмцеся з правіламі вывазу. Звычайна антыкварыятам лічацца прадметы, якія маюць узрост старэйшы за 50 гадоў», — дадае хлопец.
Запісацца да Яўгена на цырульніцкія паслугі ў Тбілісі можна ў яго ў інстаграме.