Барысаўскі БАТЭ атрымаў валявую перамогу ў матчы 3-га туру футбольнай Лігі Еўропы, абыграўшы грэцкі АЕК – 2:1. Пасля першага тайму грэкі вялі 1:0.
Матч прайшоў 22 кастрычніка ў Мінску на стадыёне "Дынама" пад акампанемент дажджу і на нібы пабітым вайной і варожымі бамбёжкамі полі.
Трэнер Баевіч быў выдалены ў другім тайме
БАТЭ: Верамко, Ліхтаровіч (Гааран, 66), Сасноўскі, Шытаў, Юрэвіч, Валадзько, Крывец, Няхайчык, Паўлаў (Скавыш, 55), Бардачоў (Алумона, 85) Радзівонаў.
АЕК: Саха, Кафес, Майсторавіч, Хуанфран (Карамбелас, 63), Мандука, Нсаліва, Яхіч, Бланка (Макас, 59), Немет (Леанарда, 83), Скока, Арэс.
Суддзя: Жолт Саба (Венгрыя).
Галы: 0:1 — Бланка, 31 (з пенальці, за фол супраць Немета). 1:1 — Паўлаў, 51. 2:1 — Алумона, 85 (пас — Крывец, с вуглавога).
Папярэджанні: Сасноўскі, А.Валадзько, Гааран — Майстаравіч, Кафес, Мандука, Нсаліва.
Выдаленні: Майстаравіч (53, пасля раней атрыманага папярэджання), Арсе (90+1).
Ці то дажджу спалохаліся, ці то ўзровень Лігі Еўропы ўжо не ўражвае, але на матч з АЕКам сабралася рэкордна маленькая для БАТЭ ў еўракубках колькасць гледачоў на трыбунах.Некалькі разоў думалася, што мо лепш было б праводзіць сустрэчу ў Барысаве. Там бы аншлаг і належная падтрымка была б дакладна забяспечаная. Але супраць правілаў УЕФА не папрэш.
А тыя некалькі тысяч чалавек, што дзве гадзіны моклі пад няспынны кастрычніцкі дождж пабачылі першую перамогу беларускай каманды ў групавых этапах еўракубкаў.
"Няхай крыўдзяцца тыя, хто не прыйшоў на стадыён", – лаканічна адкаментаваў гэта Віктар Ганчарэнка на пасляматчавай прэс-канферэнцыі.
Гульня пачалася атакамі БАТЭ. Ужо на трэцяй хвіліне Павел Няхайчык шчыльным ударам з па-за межаў штрафной патурбаваў грэчаскага варатара (апранутага ў гламурны ружовы касцюм).
Вытрымаўшы стартавы націск БАТЭ, футбалісты АЕКа самі пайшлі наперад. Але да рэальных пагрозаў справа не даходзіла.
Першы сапраўдны момант, калі балельшчыкі пахапаліся за галовы, быў на 28-ай хвіліне. Валадзько доўгай перадачай знайшоў у штрафной Радзівонава. Віталь вёў барацьбу з абаронцам Яхічам, які, выбіваючы мяч, ледзь не трапляе ва ўласную браму.
А літаральна праз дзве хвіліны Сяргей Сасноўскі парушае правілы ва ўласнай штрафной. Венгр Саба паказвае абаронцу жоўтую картку і прызначае пенальці. Ісмаэль Бланка не прамахнуўся – 0:1.
Гол атрымаўся з нічога. Тым не менш, заўзятары працягвалі гнаць барысаўцаў наперад. У адной з атак на Радзівонаве папярэджанне зарабіў Даніэль Майстравіч.
З пачаткам другога тайма атакі БАТЭ толькі ўзмацняюцца. І на 51-ай хвіліне прыносяць вынік.
Пасля розыгрышу штрафнога самым юркім ля варотаў АЕКа аказваецца Аляксандр Паўлаў – 1:1.
Самае цікавае, што за імгенне да гэтага Ганчарэнка збіраўся зняць з гульні менавіта Паўлава. На поле быў гатовы выйсці Максім Скавыш.
Натхнёныя поспехам, барысаўцы рынуліся забіваць яшчэ. І ўжо літаральна ў наступнай атацы Сяргей Крывец прымусіў сфаліць на сабе Майстравіча, і той пабачыў перад сабой чырвонае святло.
Атрымаўшы колькасную меншасць, грэкі закрыліся ля сваіх варот. БАТЭ ж наадарот вельмі шмат паставіў на перамогу. Калі чэмпіёны Беларусі пачыналі гульню з адным форвардам (Радзівонавым), то сканчалі з чатырма (на замены выйшлі Скавыш, Гааран, Алумона).
Менавіта Аляксандр Алумона і вырашыў лёс сустрэчы. За пяць хвілін да сканчэння ён адгукнуўся на верхавы навес Крыўца і прынёс БАТЭ перамогу – 2:1.У чэмпіянаце Беларусі чарнаскуры расіянін таксама не забіваў, сёння ён выстраліў у самы неабходны момант.Цікава, што гэта было першае дакрананне Алумоны да мяча.
Рэшту матчу ўмясціў у сябе грэчаскую істэрыю. З поля за грубае парушэнне правіл быў выдалены Арсе, а з лаўкі запасных трэнер Паевіч.
Ганчарэнка на пасляматчавай прэс-канферэнцыі быў спакойны. Ён зазначыў, што ні пра што іншае, як пра перамогу ў камандзе не гаварылі.
***
Сёння гулялі ў Лісабоне «Бенфіка» і «Эвертан». «Бенфіка» разграміла ліверпульцаў з лікам 5:0 (Кардоса – 2, Савіёла – 2, Луізао).
Пасля трох тураў: Бенфіка – 6 (баланс мячоў 7—1), Эвертан – 6 (6—6), БАТЭ – 3 (3—5), АЕК – 3 (2—6).
Нагадаем, што ў першым туры Лігі Еўропы БАТЭ ў гасцях – прайграла «Бенфіцы» – 0:2 (17 верасня), а 1 кастрычніка ў Мінску, у матчы 2-га туру, – Эвертану – 1:2.
***
5 лістапада АЕК і БАТЭ згуляюць у Афінах,
у Ліверпулі ў той дзень згуляюць «Эвертан» і «Бенфіка».
2 снежня: БАТЭ – «Бенфіка», 17 снежня: «Эвертан» -- БАТЭ.