Празрыстая прыбіральня ў Токіа A transparent toilet in Tokyo Прозрачный туалет в Токио

Так выглядае грамадская прыбіральня ў Токіа. Скрын з відэа CBSMornings / YouTube

Тэхналагічнасць японскіх прыбіральняў не раз станавілася прадметам анекдотаў. Кожны, хто пабываў у гэтай краіне, з захапленнем распавядае пра іх чысціню, якая кантрастуе са станам такіх месцаў у Еўропе.

Грамадскія прыбіральні ў японскіх гарадах можна знайсці паўсюль. Яны звычайна пазначаны спецыяльнымі шыльдамі, і яны бясплатныя. Вы можаце імі скарыстацца ў парках, на вуліцах і плошчах, на станцыях метро, у гандлёвых цэнтрах, офісных будынках, храмах. Іх прыбіраннем займаюцца прыватныя кампаніі. Але там мала што прыбіраць: гэтыя памяшканні заўсёды бездакорна выглядаюць і ніколі (у адрозненне ад Еўропы) не бываюць разбітыя ці размаляваныя. Такі ж выгляд маюць прыбіральні ў цягніках.

Як піша Le Monde, клопат аб чысціні і гігіене — частка менталітэту японца. Гэтаму вучаць з самага ранняга дзяцінства. Японскія хлопчыкі і дзяўчаткі ў пачатковай і сярэдняй школах (як у дзяржаўных, так і прыватных) чысцяць школьныя прыбіральні. І гэта (як і мыццё вокнаў, прыборка класа) не лічыцца пакараннем, а разглядаецца як першачарговы ўдзел у абслугоўванні ўстановы. Прыбіранне там уваходзіць у штодзённы расклад заняткаў.

Шмат хто са старэйшага пакалення беларусаў можа прыгадаць, як у савецкай школе дзеці таксама бралі ўдзел у прыбіранні класаў і школы. Але, па-першае, на туалеты гэта не распаўсюджвалася, а па-другое, у савецкай турэмнай сістэме людзей прывучалі да табуявання прыбірання туалетаў.

Як піша BBC, звычка да чысціні ў японцаў здаўна. Першы англічанін — мараход Уіл Адамс, які ступіў на зямлю Японіі ў 1600 годзе, адзначаў, што «прадстаўнікі арыстакратыі былі выключна ахайныя», каналізацыя была ва ўзорным парадку, а ў прыбіральнях курылі араматы, тады як вуліцы англійскіх гарадоў таго часу «часта бывалі заваленыя экскрэментамі».

Чысціня — важная частка старажытнай рэлігіі японцаў, сінтаізму. Адна з галоўных канцэпцый у сінтаізме — кегары (забруджванне, апаганенне), проціпастаўленае чысціні. Каб пазбегнуць кегары, патрэбны частыя рытуалы ачышчэння. Ва ўяўленні японцаў практыкаваць чысціню жыццёва важна, бо гэта дапамагае пазбегнуць бедстваў для ўсяго грамадства.

Чысціня — таксама важнае паняцце ў будызме, які прыйшоў на японскія землі ў VI стагоддзі. А ў дзэн-будызме, які пачаў распаўсюджвацца ў XII—XIII стагоддзях, такія штодзённыя справы, як прыгатаванне ежы і прыбіранне, лічацца духоўнымі практыкаваннямі, роўнымі медытацыі.

У інтэрнэце можна знайсці захапляльныя апісанні грамадскіх прыбіральняў Японіі. Іх аснашчэнне не перастае здзіўляць: сядушка з падагрэвам, бідэ з сушылкай цёплым паветрам, аўтаматычны зліў і ачыстка чашы ўнітаза, сушылкі для рук і абсталяванне для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Калі вы саромеецеся гукаў свайго цела, то можаце націснуць сэнсар, і памяшканне напоўніцца музыкай. У прыбіральнях нават прадугледжаныя крэслы для дзяцей да 3-х гадоў. Пакуль мама спраўляе патрэбу, малыш сядзіць побач пад яе наглядам.

У апошнія гады некаторыя грамадскія прыбіральні набылі новае аблічча і сталі «свяцілішчамі міру і гігіены». Значныя змены адбыліся напярэдадні Алімпійскіх гульняў 2021 года ў Токіа. У той час вядомыя японскія архітэктары адказвалі за пераўтварэнне аблічча гэтых грамадскіх месцаў.

Адной з навінак, якая здзівіла ўсіх, стала прыбіральня ў садзе Ёгі Фукамаці (Yoyogi Fukamachi) — невялікі шкляны будынак з празрыстымі сценамі, якія трацяць празрыстасць, калі закрыць памяшканне знутры.

Празрыстая прыбіральня ў Токіа A transparent toilet in Tokyo Прозрачный туалет в Токио

Празрыстая прыбіральня ў садзе Ёгі Фукамаці ў Токіа. Скрын відэа JapanGo / YouTube

Як адзначаюць аўтары артыкула ў Le Monde, Японія імкнецца прадэманстраваць астатняму свету, што грамадскія прыбіральні могуць стаць месцамі адпачынку ў поўным сэнсе гэтага слова і нават часткаю новага «гарадскога шыку».

У той жа час у свеце, паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя за 2023 год, 3,5 мільярда чалавек працягваюць жыць без мінімальных гігіенічных выгод. З такой перспектывы падаецца малаімаверным хуткае распаўсюджанне гэтай часткі японскай культуры, як гэта адбылося з мангай ці сушы. З іншага боку, магчыма, што прыклад Японіі падштурхне багатыя краіны палепшыць свае грамадскія прыбіральні як з пункта гледжання колькасці, так і чысціні.

Чытайце яшчэ:

Краіна ўзыходзячага порна: як японская порнаіндустрыя выходзіць з ценю

Дзякуючы гэтаму вынаходніцтву можна спаць проста ў офісе

Японія можа стаць пятай краінай, якая паспяхова запусціла місію на Месяц

Клас
103
Панылы сорам
7
Ха-ха
6
Ого
14
Сумна
24
Абуральна
40

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?