Таццяна Бародкіна. Фота з асабістага архіва гераіні

Таццяна Бародкіна. Фота з асабістага архіва гераіні

Трывога на карпаратыве

Пра тое, што краіну нешта чакае, на СТБ пачалі здагадвацца яшчэ напрыканцы 2019 года. У снежні навагодні карпаратыў атрымаўся нейкім злавесным:

— Тады генеральным дырэктарам СТБ быў Ігар Луцкі. Пасля грубага Казіяткі, якога мы баяліся, Луцкі выглядаў даволі мілым. Ён ведаў па імёнах усіх супрацоўнікаў, а не толькі тых, хто ў кадры, цікавіўся, як маемся, чаго не хапае. Гутарыў з усімі шчыра.

І вось на навагоднім карпаратыве напрыканцы 2019 года я пабачыла ў ім першыя змены. Яго прамова была напоўнена нейкай жахлівай прапагандай. Сутнасць святочнай гаворкі была такой: «Рыхтуйцеся, будзе нешта страшнае. Гэта будзе вельмі цяжкі год. Вы павінны быць вельмі адданымі». За ўсімі столікамі раптам наступіла такая звінючая цішыня, што сапраўды стала вельмі страшна.

Але ўсё роўна большасць людзей у калектыве чакала перамен.

— Якая была атмасфера на СТБ перад выбарамі? Мы ўсе чыталі навіны і абмяркоўвалі іх — нават не шэптам. Ніхто не баяўся адно аднаго. Большасць верыла ў тое, што ўсё будзе добра, Лукашэнкі больш не будзе. Бадзёры быў настрой. Ва ўсіх, мабыць, акрамя кіраўніцтва. І ў інфармацыйнай рэдакцыі было нейкае напружанне. Памятаю, калега бегала па калідоры і лямантавала: «Вы разумееце, калі гэта адбудзецца, мы ўсе страцім працу, нас больш ніхто нікуды не возьме!»

Таццяна згадвае, што летам кіраўніцтва пачало ладзіць розныя сустрэчы з тэлевядучымі. Кажа, што наўпрост пра выбары не гаварылі, але намёкаў было шмат.

— Здаецца, у чэрвені дырэктарка мастацкага вяшчання (я працавала ў мастацкай рэдакцыі) паклікала нас і стала казаць пра тое, каб мы нічога не публікавалі ў сацсетках, не пакідалі каментарыяў, сачылі за тым, дзе лайкі ставім. «Нікуды не хадзіце, нічога не кажыце, ні на што не рэагуйце». Але ўсё неяк здалёк. Па-добраму, з усмешкай.

Дарэчы, тая самая дырэктарка і патэлефанавала Таццяне, калі пабачыла яе эмацыйны пост на фэйсбуку, у якім тая заклікала не баяцца і не пазбаўляць будучыні дзяцей.

— Я толькі-толькі націснула кнопку «апублікаваць» — і амаль адразу зазваніў тэлефон. Зразумела, што за нашымі паводзінамі ў сацсетках сапраўды сачылі. Рэдактарка пачала казаць: «Ну што ты робіш?! Мы з табой нядзельнае шоу пачалі здымаць. Ты добра падумала?!» Я кожны ранак з’яўлялася ў эфіры з дочкамі і гатавала нешта, але ж мы паспелі запісаць 6 выпускаў новага кулінарнага шоу, якое павінна было ў хуткім часе выйсці на СТБ.

Таццяна Бародкіна. Фота з асабістага архіва гераіні

Таццяна Бародкіна. Фота з асабістага архіва гераіні

Яшчэ адна сітуацыя, якая вельмі ўразіла Таццяну перад выбарамі, − гэта паводзіны Кірыла Казакова, які летам 2020 года выконваў абавязкі генеральнага дырэктара СТБ (Луцкі тады стаў міністрам інфармацыі).

— Я ішла на абед, а Казакоў чамусьці вывеў з ньюсрума ўсіх карэспандэнтаў на калідор (там былі ўжо дасведчаныя супрацоўнікі, а не нейкія студэнты журфака) і крычаў на іх матам. Не ведаю, што адбывалася, але чалавек 10-15 стаяла перад ім, моўчкі схіліўшы галовы.

Кірыл пабачыў мяне і пачаў крычаць: «Бародкіна! Скажы, ты − ахвяра рэжыму?!» Я паспрабавала зрабіць выгляд, што не пачула, але ён не супакойваўся: «Таццяна, ты лічыш сябе ахвярай рэжыму?!» Я павярнулася і толькі адкрыла рот, каб сказаць усё, што сапраўды думаю, як да мяне хуценька падскочыў іншы вядучы і схапіў пад руку і пацягнуў да ліфта: «Якая ў цябе прыгожая спаднічка! Якія цудоўныя туфелькі ты да яе падабрала!» Я так здзівілася, што вырашыла, што ён з глузду з’ехаў — чалавек ніколі мне кампліментаў не рабіў, а цяпер балбоча без перапынку. Так і не дазволіў мне нічога адказаць Казакову. Я толькі чула, як за нашымі спінамі Кірыл зноў лаецца матам на супрацоўнікаў СТБ. Мабыць менавіта ў той самы момант зразумела: сапраўды нейкі трындзец хутка будзе.

Казакоў пісаў Таццяне яшчэ прыкладна месяц пасля таго, як яна з сям’ёй з’ехала ва Украіну.

— Ён заўсёды пісаў мне ноччу, і, мяркуючы па паведамленнях, здаваўся моцна выпіўшым. Я казала: «Слухайце, ну а калі я ўсе гэтыя скрыншоты выкладу?» Там такі трэш быў. Калі зразумеў, што «па-добраму» да мяне не атрымліваецца дагрукацца, то пачаў пагражаць. Пісаў, што прызнае мой бальнічны ліст несапраўдным, што будзе судзіцца з-за таго, што я няправільна звольнілася.

«З Азаронкам ніхто з калег не хацеў ездзіць у ліфце»

Азаронак, дарэчы, выдаў Таццяне свой «ордэн Юды». Яна смяецца, згадваючы гэта, і дадае, што з такой падзеяй яе павіншаваў Латушка і падарыў ружу.

— Я ніколі не сябравала з Азаронкам, але, канешне, мы перасякаліся. Магу сказаць, што ён, калі прыйшоў на СТБ, быў зусім іншым чалавекам. Саромеўся, прыходзіў у мантажку ціхенька, каб нешта паглядзець, пасміхаўся, гаварыў ціха. Азаронак ператварыўся ў Азвяронка за паўгода.

Таццяна кажа: калі Азаронак пачаў рабіць першыя палітычныя відэа (спачатку ён здымаў сюжэты пра сельскую гаспадарку), яна шчыра здзівілася і пачала пытацца ў іншых, ці сапраўды той шчыры фанат Лукашэнкі.

— Тыя, хто больш шчыльна працаваў з Азаронкам, адзначалі: «Так, ён сапраўды моліцца на Лукашэнку». Дарэчы, першапачаткова ў Азаронка быў адзін з найніжэйшых заробкаў сярод тых, хто працуе ў кадры. Ён дакладна працуе не для грошай, а з фанатызму.

Жанчына згадвае, што пасля пачатку палітычнай кар’еры Азаронка калегі нават не хацелі ездзіць з ім разам у ліфце. Ён заўсёды чакаў, што нехта зойдзе яшчэ, але людзі прынцыпова заставаліся. Аднак такія сітуацыі прапагандыста не хвалявалі.

— Яшчэ пра адну цікавую гісторыю, звязаную з Азаронкам, я пачула ўжо ў Польшчы, калі сустрэла былога аператара СТБ. У жніўні 2020 года адзін з супрацоўнікаў СТБ патрапіў на Акрэсціна і перажыў усе жахі. Вярнуўшыся на працу, ён перш за ўсё пайшоў звальняцца. Але грошай на жыццё хаця б на першы час у яго не было — тым больш, што кіраўніцтва СТБ не хацела нават выплачваць яму рэшткі заробку.

Тады калегі вырашылі скінуцца — і вось той самы аператар, які распавёў мне гэтую гісторыю, пайшоў збіраць грошы. Сярод першых, хто скінуўся, быў Азаронак. Той толькі папрасіў аб гэтым нікому не казаць.

Пра Пуставога: «Мама, я паеў!»

Прапагандыста Яўгена Пуставога, які збіраецца ў дэпутаты, Таццяна характарызуе як «мамчынага сынка»:

— Ён вельмі любіў прыходзіць на мой мантаж — Яўген ведаў, калі я ў мантажцы, і таму на агучку сваіх сюжэтаў прыходзіў вельмі загадзя. Стаяў, пытаў пра розныя стравы.

Здаецца, у той час Яўген жыў разам з мамай і яна яму шмат разоў на дзень тэлефанавала. Ён адказваў: «Так, мама! Так, я ў шапцы! Так, я не забыўся ўзяць ссабойку. Так, я паеў». Яна за час нашага мантажу магла патэлефанаваць тры разы, а Яўген, як салдат, справаздачыўся перад ёй.

Гэта было вельмі смешна. Ён спрабаваў жартаваць, але ў Яўгена атрымлівалася так няўдала, што мы сядзелі і моўчкі глядзелі на яго.

Таццяна Бародкіна. Фота з асабістага архіва гераіні

Таццяна Бародкіна. Фота з асабістага архіва гераіні

Забянько, якая «прасякнута гэтай сістэмай»

Таццяна згадвае, што 14 ліпеня ЦВК адмовілася рэгістраваць Бабарыку як кандыдата ў прэзідэнты. Пасля гэтых навін яна сустрэлася ў грымёрцы з іншай вядучай Кацярынай Забянько — тая разважала пра разгоны людзей, якія былі незадаволеныя рашэннем ЦВК.

— Яе фарбавалі, а Каця шкадавала сілавікоў: «А што ім рабіць? Ім жа трэба разганяць людзей — яны ж не могуць не выконваць сваю працу».

Я была ў жаху: «Каця, як ты можаш апраўдваць тых, хто збівае людзей?!» Не памятаю дакладную фармулёўку, але яна сказала нешта кшталу: «Я ўжо прасякнутая гэтай сістэмай». Я кажу: «Каця, ты што? У цябе ж маленькі сын, падумай пра яго будучыню!» Забенько не здалася: «Так, гэта маё меркаванне. Я лічу, што сілавікі ўсё робяць правільна». Я ўпэўненая, што тыя вядучыя, якія цяпер працуюць на СТБ у кадры, засталіся не таму, што ім патрэбны грошы. Не. Яны насамрэч былі прасякнутыя прапагандай.

Таццяна адзначае: першы час пасля выбараў яна сачыла за працай былых калег, глядзела іх выпускі.

— Я ж ведаю, як яны звычайна трымаюцца перад камерай. Таму бачыла, наколькі ім страшна, якія разгубленыя яны выходзяць у эфір. Але праз некалькі месяцаў усё прайшло — ажно вочы блішчаць.

Пагрозы ад КДБ

Нягледзячы на тое, што адразу пасля выбараў Таццяна знаходзілася на бальнічным, яна расказвала калегам з іншых краін пра тое, што адбываецца.

— Пасля майго паста на фэйсбуку мне пачалі тэлефанаваць з розных міжнародных СМІ. Я шмат размаўляла з журналістамі з розных краін. Канешне, такую актыўнасць не магло не заўважыць КДБ. Да мяне прыехаў так званы асабіст і стаў пагражаць. Ён казаў, што калі я не заткнуся, то заўтра прыедуць іншыя людзі і забяруць маіх дзяцей — пры гэтым ён узяў адну з маіх дачок на рукі. Але мы з мужам вырашылі працягваць. Муж удзельнічаў у акцыях ва ўсе самыя чорныя дні 2020 года.

Таццяна кажа, што пасля таго, як яны з мужам атрымалі некалькі настойлівых прапаноў ненадоўга з’ехаць з краіны, то нарэшце вырашылі паехаць у Кіеў.

— Я думала, што мы з’едзем на два тыдні — перасядзім і вернемся. Узялі з сабой два чамаданы — шорты ды спадніцы, лета ж было. Нават абутак не ўзялі, нічога цёплага — бо на два тыдні да кумы. І вось ужо тры гады, як не можам вярнуцца.

Пасля гэтага Таццяна доўгі час супрацоўнічала з дэмакратычнымі сіламі, але цяпер кажа, што вельмі стамілася і вярнулася да тэмы кулінарыі.

— Нехта мяне спрабаваў папракаць: «Ты ж працавала на СТБ». Я сябе не апраўдваю тым, што працавала ў мастацкай рэдакцыі. Не. Шчыра магу сказаць, мне вельмі падабалася мая праца — мае ранішнія і кулінарныя выпускі ды інтэрв’ю з зоркамі, калі я іх рабіла. Але ж гэта не значыць, што я павінна была трываць Лукашэнку да канца жыцця. Я ніколі ў жыцці за яго не галасавала!

Я разумею, чаму кіраўніцтва СТБ не чакала ад мяне асабліва падставы — бо ў мяне быў муж-бізнэсовец, добры дом, эфіры на тэлебачанні… Ім падавалася, што мне няма чаго больш жадаць. Але я ж хацела, каб мае дочкі раслі ў вольнай краіне. Я глядзела на тое, як яны растуць, і разумела, што вучыцца ва ўніверсітэце іх у любым выпадку адпраўлю за мяжу. А тут падалося, што з’явіўся шанец змяніць усё ў Беларусі — каб маім дзяўчынкам не трэба было нікуды з'язджаць.

Чытайце таксама:

Прапагандыстаў масава адпраўляюць у дэпутаты. Вылучаецца нават Яўген Пуставы

Прапагандыстка Худалей, якая працавала на жаночых маршах, звольнілася з СТБ і шукае працу ў IT 

Былая прапагандыстка СТБ працавала ў «Жоўтых злівах», а пасля пераехала ў Польшчу і адкрыла там бізнэс

Клас
188
Панылы сорам
33
Ха-ха
22
Ого
36
Сумна
75
Абуральна
130

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?