На самым пачатку новага года да 74‑гадовага дацкага мастака Курта Вестэргорда завітала ягонае нядаўняе мінулае — у асобе маладога самалійца, узброенага сякерай і нажом.
Ён пранік у дом мастака ў горадзе Орхус, каб паквітацца за яго карыкатуры на прарока Мухамеда, апублікаваныя ў газеце Jyllands‑Posten у 2005 годзе. Гаспадар націснуў кнопку сігналізацыі ў ваннай, і на яго шчасце паліцыя паспела ў час. Няўдаламу тэрарысту пашанцавала менш — яго паранілі пры затрыманні, і ён ляжыць у ізалятары ў чаканні суду.

Дзе б усталяваць такую чароўную кнопку, каб абараніцца ў новым годзе ад усялкага роду ненавіснікаў свабоды слова і меркаванняў? Калі гэта чалавек з сякерай у руцэ, ад яго яшчэ можна неяк уратавацца з дапамогай паліцыі.

А што рабіць, калі ты жывеш у дзяржаве, якая гатова ў любы момант выставіць спецназ супраць прэсы, якая можа забараніць здымкі, можа забраць мабільныя тэлефоны, можа затрымаць ці надоўга кінуць журналіста за краты?

Як гэта было з рэдактарам, што перадрукаваў карыкатуры Вестэргорда ў беларускай недзяржаўнай газеце…

Што рабіць, калі кіраўнік дзяржавы называе інтэрнет «памыйніцай» і дзяржава ад яго імя збіраецца правесці «зачыстку» ў сеціве? У цывілізаваным свеце стварэнне перашкодаў у вольным абмене інфармацыі завецца «кіберзлачыннасцю», і сучасныя дзяржавы з ёй змагаюцца. У нас улады змагаюцца з інфармацыяй. Нібыта дзеля захавання грамадскай маралі і парадку.

Дарэчы, той самаліец‑ісламіст з сякерай — ён, напэўна, таксама кіраваўся нейкімі сваімі маральнымі прынцыпамі. Але, калі б яго краіна была крыху багацейшай і ў яго быў кампьютэр, злучаны з інтэрнетам, — хто ведае, можа быць, абаронца прарока абмежаваўся б тым, што напісаў бы электронны ліст дацкаму карыкатурысту. Ці завёў бы свой блог, у горшым выпадку.

Нам, канечне, грэх скардзіцца. У параўнанні з Самалі ці з Афганістанам, дзе талібы захапілі ў палон двух французскіх журналістаў, у Беларусі ўсё спакойна.

Але, як і паўсюль, мінулае не хоча адступацца, нават пад Новы год. Толькі яно тут мае свае формы і адценні.

Распавяду пра маленькі казус, які сёлета здарыўся ў вясёлай навагодняй кампаніі. За гадзіну да паўночы адзін з гасцей папрасіў уключыць расійскі канал, каб паглядзець навагодні відэазварот прэзідэнта Мядзведзева. І тут на экране ўзнік Брэжнеў. Малады, чарнявы, прыгожы, з добрай дыкцыяй без усялякага шамкання, ён павіншаваў савецкіх людзей з працоўнымі здзяйсненнямі і пажадаў поспехаў у новым 1965 годзе.

Высветлілася, што нехта пераблытаў кнопку на пульце ды націснуў кабельны канал «Настальгія».

Усе за сталом рагаталі. І толькі чалавек, які прасіў уключыць яму Мядзведзева, не смяяўся. Семнаццаць гадоў запар, ладны кавалак свайго жыцця, ён слухаў навагоднія віншаванні генеральнага сакратара ЦК КПСС. І яму падалося крыўдным слухаць яго ізноў, амаль праз трыццаць гадоў пасля таго, як генсека не стала.

Потым, вядома, усе слухалі навагодняе віншаванне Аляксандра Лукашэнкі — каб не прапусціць момант, калі трэба адкаркоўваць шамапанскае. (Не ва ўсіх жа ёсць магчымасць глядзець «Снежны завулак» на Белсаце). А мне прыйшло да галавы сумнае пытанне:

колькі часу павінна мінуць, перш чым з’яўленне Лукашэнкі на экранах будзе выклікаць у большасці беларускіх гледачоў тую ж самую рэакцыю, што і з’яўленне Брэжнева сёння?

Кожную навагоднюю ноч мы марым, каб наступны год прынёс нам нешта новае, свежае. Пры гэтым на святочным стале абавязкова павінны прысутнічаць салат аліўе, селядзец пад шубай і вантробы траскі.

У Беларусі, вядома, даўно няма праблем з «чаркай і шкваркай». Няма дэфіцыту ні каўбасы, ні мандарынаў, ні каляровых тэлевізараў, за якімі некалі ганяліся. Але мы ўсё яшчэ сустракаем Новы год амаль як за часам Брэжнева — з «Советским шампанским», традыцыйнымі савецкімі стравамі ды аднымі і тымі тэлепраграмамі на ўсіх дзяржаўных каналах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?