Аляксандр Лукашэнка і Алёна Сырова. Скрын відэа t.me/pul_1 / Telegram
На відэа відаць, як падчас наведвання выбарчага ўчастка Лукашэнка праводзіць дэгустацыю прадукцыі. У нейкі момант ён кажа, каб яму больш не прапаноўвалі. Але раптам заўважае дзяўчыну, і яго меркаванне мяняецца.
«Дзяўчаты, не прапаноўваць. Ой, Алёна! Алёна можа (прапанаваць)».
Разам яны падыходзяць да прадукцыі, якую прадставіла сетка гасцініц «Вікторыя». На выбар прапанавалі пакаштаваць хрэнавуху, малінавую настойку і настойку з журавін. Незразумела, што выбраў Лукашэнка, але відаць, як ён пералівае настойку са свайго кілішку ў кілішак дзяўчыны.
Так хто гэтая Алёна, з якой Лукашэнка выпіў?
Уважлівы глядач пазнае вядучую СТБ Алёну Сырову. Менавіта яе Лукашэнка карміў у жніўні 2023 года, калі сустракаўся з камбайнерамі ў Бераставіцкім раёне. Тады ён адмыслова паклікаў дзяўчыну: «Дзесьці тут была Алёна Сырова. Туру не давайце, яму не трэба папраўляцца», — сказаў Лукашэнка і запрасіў Сырову да імправізаванага стала. «Алёна, гарачае», — папярэдзіў Лукашэнка.
Алёна Сырова абедае разам з камбайнерамі і Лукашэнкам. Скрын відэа CTVBYvideo / YouTube
Сырова скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ па спецыяльнасці «мытная справа». На другім курсе яна прыйшла на тэлебачанне. Спачатку дзяўчына працавала ў праграме «Сталічныя падрабязнасці». Пазней — у праграме «Карціна свету» на «РТР-Беларусь», якую вёў тагачасны дырэктар СТБ Юрый Казіятка.
Цяпер Сырова з'яўляецца самай маладой журналісткай пула Лукашэнкі і загадчыцай аддзела палітычных аглядальнікаў дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання Сталічнага тэлебачання. Разам з Кірылам Казаковым яна вядзе ток-шоу «Па сутнасці», у час якога выступае з рознымі ініцыятывамі. Напрыклад, прапаноўвала зрабіць Дзень незалежнасці працоўным днём.
Алёна Сырова ў якасці вядучай праграмы «Па сутнасці». Скрын відэа CTVBYvideo / YouTube
У адным з інтэрвʼю Сырова адзначыла, што ўдзел у пуле Лукашэнкі яе дысцыплінуе, яна вучыцца ў кіраўніка краіны мудрасці.
Праўда, на сёння ў Сыровай толькі афіцыйная падзяка ад Лукашэнкі. Недахоп узнагарод кампенсуецца цёплымі адносінамі.
Фота: сацсеткі
Чытайце яшчэ:
Лукашэнка праінспектаваў абед камбайнераў. Яны былі адзетыя ў беласнежнае