Магілёўцу, што збіў насмерць інспектара ДАІ, які ехаў на матацыкле, далі сем гадоў калоніі
І спагоняць штраф і пазоў на 84 тысячы рублёў.

44-гадоваму мужчыну інкрымінавалі парушэнне правілаў дарожнага руху ў стане алкагольнага ап’янення, што па неасцярожнасці прывяло да смерці чалавека, піша БелТА.
Смяротнае ДТЗ адбылося 7 верасня 2024 года на скрыжаванні вуліц Лазарэнкі і Бурдэнкі ў Магілёве. 44-гадовы кіроўца буса Ford паварочваў налева і не саступіў дарогу матацыклісту на Yamaha. У выніку сутыкнення байкер загінуў на месцы здарэння.
Кіроўца буса з’ехаў, але яго хутка знайшлі. На момант затрымання ён быў п’яны. Загінулым байкерам быў 27-гадовы інспектар магілёўскай абласной ДАІ Мікіта Ісачкоў.
Падчас судовага следства мужчына сваёй віны не прызнаў. Ён заявіў, што быў цвярозым за рулём, а алкаголь ужыў толькі пасля аварыі. Таксама ён не аказаў неабходнай дапамогі матацыклісту, бо палічыў, што той загінуў адразу пры сутыкненні.
Суд пастанавіў прысудзіць яго да сямі гадоў калоніі, з пазбаўленнем права кіравання транспартнымі сродкамі на 8 гадоў і штрафам 100 базавых велічынь (4200 рублёў)
Адначасова суд задаволіў пазоўныя патрабаванні пацярпелых на 80 тысяч рублёў.
Каментары