У Пінску хлопчык праехаў на самакаце паміж машын, а раніцай з яго бацькоў запатрабавалі 1200 рублёў за псаванне аўто
Інцыдэнт адбыўся ў адным з двароў Пінска — раніцай мясцовы жыхар выявіў пашкоджанне свайго аўтамабіля Mini Cooper, які быў прыпаркаваны на стаянцы.

Пасля прагляду запісаў з камер кіроўца зрабіў выснову, што машыну пашкодзіў суседскі хлопчык на самакаце.
На відэа было відаць, як дзіця праязджае паміж дзвюма машынамі. Пацярпелы звярнуўся ў дылерскі цэнтр, дзе яму растлумачылі, што кошт рамонту складзе больш за 1200 рублёў. Гэтыя грошы ён і запатрабаваў з бацькоў дзіцяці.
Аднак маці хлопчыка так проста здавацца не хацела: яна была ўпэўненая, што яе сын на самакаце не мог так падрапаць машыну. Справа дайшла да суда, дзе жанчына стаяла на сваім і адмаўлялася добраахвотна аплачваць рамонт аўто.
Для вырашэння спрэчнай сітуацыі была прызначана транспартна-трасалагічная экспертыза.
Як высветлілі спецыялісты, пінчанка мела рацыю: драпіны на машыне не мог пакінуць хлопчык на самакаце. Такім чынам, па выніках экспертызы ён быў прызнаны невінаватым у псаванні суседскага Mini Cooper.
Цяпер мужчыну давядзецца шукаць, хто ж насамрэч падрапаў яго аўтамабіль.
Каментары