Беларуска‑аўстрыйскае ТАА «Хенкель Баутэхнік» пры падтрымцы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі праводзіць першы Рэспубліканскі конкурс плітачнікаў.

Арганізатары маюць некалькі мэтаў — павышэнне прэстыжу прафесіі будаўніка і матывацыі спецыялістаў да росту прафесійнай кваліфікацыі, прасоўванне на айчынны рынак сучасных матэрыялаў і тэхналогій і ў канчатковым выніку — зацвярджэнне новых стандартаў якасці аддзелачных работ.

«З улікам маштабу пастаўленых задач мы пастараліся зрабіць умовы конкурсу максімальна дэмакратычнымі, — кажа гендырэктар «Хенкель Баутэхнік» Сяргей Навіцкі. — Запрашаем усіх майстроў‑плітачнікаў старэй за 21 год з усіх куткоў краіны, незалежна ад стажу іх працы, юрыдычнага статусу і формы ўласнасці арганізацый, у якіх яны працуюць. Упэўнены, што галоўны прыз атрымае лепшы. Але ў нашым выпадку нават просты ўдзел у гэтым спаборніцтве можа стаць сапраўды важнай вяхой у рабочай кар’еры кожнага сапраўднага профі».

Аргкамітэт накіраваў запрашэнні браць удзел у конкурсе вядучым будаўнічым арганізацыям Беларусі. Апрача таго, будучыя намінанты могуць самастойна размясціць заяўкі на спецыяльна створаным інтэрнет‑рэсурсе: www.plitochnik.by .

Падчас анлайн‑тэставання будуць ацэнены тэарэтычная падрыхтоўка прэтэндэнта, веды па ўстройстве абліцоўкі, прымяненні матэрыялаў і г.д.

У кожнай вобласці па суме набраных балаў выберуць 15 лепшых удзельнікаў, якія будуць запрошаны да практычных іспытаў. Ім трэба будзе абліцаваць канструкцыі пэўнага ўзроўню складанасці. Рэгіянальныя адборачныя камісіі ў складзе прадстаўнікоў буйных будаўнічых арганізацый і спецыялістаў «Хенкель Баутэхнік» вызначаць шэсць фіналістаў, якія памераюцца сіламі ў другім туры. Ён пройдзе ў канцы мая ў Мінску.

Гран‑пры пераможцу конкурсу складзе 5 млн. рублёў, астатнія ўдзельнікі фіналу атрымаюць грашовыя выплаты ў памеры 2 млн. кожны. Плюс да гэтага ўсім будуць уручаны падарункі (фірменнае спецадзенне і наборы інструментаў) ад кампаній‑партнёраў аргкамітэта.

«Мы плануем абставіць фінал і цырымонію ўзнагароджання як яркае назабыўнае шоу, — кажа Сяргей Навіцкі. — Гэта будзе сапраўднае прафесійнае свята, бо беларускія будаўнікі яго, безумоўна, заслужылі сваёй нялёгкай стваральнай працай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?