Нямецкая эканамічная група сумесна з даследчым цэнтрам Інстытута прыватызацыі і менеджменту прадставіла свае прагнозы макраэканамічных паказчыкаў Беларусі на 2010 год.

Высновы экспертаў несуцяшальныя — нягледзячы на рост ВУП, пазыкі дзяржавы будуць расці, з малатка могуць пайсці найлепшыя прадпрыемствы краіны і нават банкі.

Презентуючы аналітычны агляд, нямецкі эксперт па макраэканоміцы Роберт Кірхнер адзначыў, што ў Германіі незалежныя структуры штогод праводзяць падобны макраэканамічны прагноз. Урад нават абвяшчае тэндэр і потым фінансуе правядзенне такога незалежнага даследавання. Атрымліваецца, што ў нейкай ступені беларускі бок павінен быць удзячны нямецкім экспертам. Тым больш што з прагнозамі спецыялістаў можа азнаёміцца любы ахвотны.

— Гэты прагноз мы рабілі, пераследуючы пэўную мэту: палепшыць якасць прагнозу ў краіне, — падкрэсліў кіраўнік Нямецкай эканамічнай групы ў Беларусі Рыкарда Джучы. — Мы не прадаем яго за грошы. Любы ахвотны — супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта, прадстаўнік Нацыянальнага банка, Міністэрства фінансаў, бізнэсовец можа скарыстацца нашымі прагнозамі, задаваць нам пытанні і паўдзельнічаць у абмеркаванні метадалогіі прагназавання.

Унутраны попыт паскорыць рост ВУП

Першая выснова, прадстаўленая ў даследаванні, абнадзейвае: у выпадку, калі беларускаму ўраду ў другім паўгоддзі 2010 удасца забяспечыць даступнасць крыніц фінансавання інвестыцый у асноўны капітал, тэмп росту ВУП можа дасягнуць 10.2%. Асноўнымі крыніцамі фінансавання інвестыцый могуць стаць сродкі насельніцтва, банкаўскія крэдыты і замежныя крыніцы.

— Вельмі важны ўнёсак у рост ВУП у 1 квартале зрабіла спажыванне хатніх гаспадарак, — падкрэслівае кіраўнік Інстытута прыватызацыі і менеджменту Дзмітрый Крук.

Праўда, на думку экспертаў, ужо ў 2011 годзе рост ВУП складзе толькі 5,7%.

Сярэдні заробак у Беларусі складзе 400 даляраў

На думку экспертаў, ужо ў гэтым годзе праграмы дзяржаўнай і сацыяльнай падтрымкі зробяцца больш жорсткімі, бо фінансавы сектар апынецца пад ціскам пагоршаных умовваў нафтаперапрацоўкі ў Беларусі — а гэта адна з асноўных галін, якія фармуюць бюджэт краіны. Праз скасаванне мытаў на нафту кансалідаваны бюджэт Беларусі ў гэтым годзе можа страціць да 2% ад ВУП.

— Прыбытак кансалідаванага бюджэту Беларусі чакаецца па выніках 2010 на ўзроўні 32,2% ад ВУП, што на 1,9 ніжэй за ўзровень мінулага году, — удакладняе эксперт Глеб Шымановіч. Па яго словах, падзенне даходаў таксама абумоўленае скарачэннем паступленняў ад падаткаў на замежнаэканамічную дзейнасць і захавання дзяржаўнай падтрымкі рэальнага сектару ў посткрызісныя гады.

Не пагоршыла сітуацыю з прыбыткам бюджэту падатковая лібералізацыя, абвешчаная ў гэтым годзе.

Што да выдаткаў кансалідаванага бюджэту, то нямецка-беларуская экспертная група прагназуе ўзровень 35,2% ад ВУП. У першую чаргу грошы спатрэбяцца, каб забяспечыць абяцаны беларусам заробак у 500 даляраў да канца 2010.

— Аднак мы мяркуем, што гэта будуць 400 даляраў, — адзначае Глеб Шымановіч. Па яго словах, дэфіцыт бюджэту складзе 3% ад ВУП, або 4,8 трлн рублёў, што лёгка можа быць прафінансавана за кошт прыбыткаў ад прыватызацыі або замежнага пазычання, напрыклад, у форме еўрааблігацый.

Прадпрыемствы і банкі пачнуць прадаваць

У гэтым годзе ўрад пачне актыўна распрадаваць прадпрыемствы і за кошт гэтага палепшыць свае фінансавыя рахункі.

— Мы чакаем, што чысты прыток непасрэдных інвестыцый складзе 2,4 млрд даляраў, — кажа эксперт Ірына Тачыцкая. — Гэта будзе звязана з пагадненнямі па зліцці і паглынанні ў прамысловасці, банкаўскім сектары і сектары паслуг. Урад актывізуецца з продажам прадпрыемстваў, і для гэтага ёсць некалькі магчымасцяў. Напрыклад, ужо выстаўлены на продаж завод па апрацоўцы крышталю ў Гомелі — гэта даволі прывабнае прадпрыемства, таму што такіх заводаў не так шмат у свеце, і яны цэняцца. Вядуцца перамовы наконт «Беларуськалію». Хоць мы дапускаем, што да канца гэтага году продаж можа не адбыцца, плацяжы будуць ісці траншамі.

Аднак, па словах эксперта, павялічыць прыток замежнага капіталу да 4,6 млрд даляраў, як плануе беларускі ўрад, у бягучым годзе наўрад ці атрымаецца.

Давядзецца прыцягваць іншыя інвестыцыі, не выключана, што на продаж будуць выстаўленыя і банкі.

Па словах Ірыны Тачыцкай, пра свой намер інвеставаць у 2010 у банкаўскую сістэму Беларусі да 8 млрд даляраў заявіў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.

— Мы не думаем, што гэтая сума можа быць рэалізавана нават чыста тэхнічна на працягу гэтага году, але рашэнне аб продажы «Белінвестбанка» і магчымай куплі пакета акцый «Белаграпрамбанка» і «Беларусбанка» можа зрабіць істотны ўнёсак у прыток непасрэдных замежных інвестыцый у краіну, лічыць эксперт.

І, нарэшце, яшчэ адна магчымасць дзяржавы займець замежную валюту — гэта крэдыты і пазыкі.

14 ліпеня убачыла свет пастанова савета міністраў аб арганізацыі працы па супрацоўніцтве з Кітайскай народнай рэспублікай. Нямецкая эканамічная група ў Беларусі тут жа робіць выснову: беларускія ўлады робяць сур’ёзныя намаганні для прыцягнення камерцыйных крэдытаў і пазыкаў з Кітая.

— Але ў той жа час хочам звярнуць увагу, — падкрэслівае Ірына Тачыцкая, — што ні ў сцэнарыі гэтага году, ні 2011, мы не разглядаем варыянты працягу супрацоўніцтва Беларусі з МВФ.

Інфляцыя будзе расці

На думку экспертаў, утрымаць інфляцыю ў Беларусі ў гэтым годзе не атрымаецца. Прычына — актыўная крэдытная падтрымка эканомікі, скіраваная на стымуляванне росту ўнутранага попыту.

— На наш погляд, інфляцыйныя рызыкі на дадзеным этапе даволі вялікія для нацыянальнай эканомікі, — падкрэслівае Дзмітрый Крук. — Цяперашняя эканамічная палітыка можа выявіцца ў сярэднегадавой інфляцыі каля 12% у 2010 і каля 20% у 2011.

Курс еўра да даляра — 1,3

Незалежныя эксперты мяркуюць, што да канца году Нацбанку ўдасца захаваць кошт беларускага рубля практычна на такім жа ўзроўні, як цяпер. Абменныя курсы будуць наступныя: даляр ЗША — 3150 рублёў, еўра — 4095, расійскі рубель — 105.2. Курс еўра да даляра складзе 1,3.

— У выпадку, калі ўрад зможа прыцягнуць новыя пазыкі і фінансаваць дэфіцыт і ў 2011, мы мяркуем, што абменны курс да даляра ЗША на канец 2011 года складзе 3300 беларускіх рублёў, — адзначае Дзмітрый Крук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?