Другі швейцарскі электрацягнік для праекта «Гарадскія лініі» 25 лютага перасёк беларуска-польскую мяжу. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Беларускай чыгункі.

Грузавыя аўтамабілі з вагонамі электрацягніка ў суправаджэнні прадстаўнікоў швейцарскай кампаніі Stadler Bussnang AG, нямецкай кампаніі-грузаперавозчыка і ДАІ накіроўваюцца ў лакаматыўнае дэпо «Баранавічы», дзе адбудзецца выгрузка саставу. Два аднаўленчыя краны паставяць вагоны на цялежкі, спецыялісты правядуць падключэнне электра- і аўтатармазнога абсталявання, устаноўку токапрыёмнікаў. Чакаецца, што ў пачатку наступнага тыдня швейцарскі электрацягнік прыбудзе ў Мінск.

Першы электрацягнік для «Гарадскіх ліній» ужо праходзіць перадэксплуатацыйныя выпрабаванні і сертыфікацыю ў маторвагонным дэпо Мінска. На гэты момант ідзе настройка сістэм дыягностыкі, бяспекі, праверка электраабсталявання і інш. У пачатку наступнага тыдня ў беларускую сталіцу прыбываюць швейцарскія спецыялісты для навучання лакаматыўных і рамонтных брыгад працы з электраабсталяваннем і сістэмай дыягностыкі новага электрацягніка.

Тым часам у швейцарскім Буснангу сабраны трэці электрацягнік для «Гарадскіх ліній». Чакаецца, што 9–11 сакавіка спецыялісты БЧ правядуць папярэднюю заводскую прыёмку гэтага саставу.

Прэс-служба БЧ паведаміла, што ў канцы сакавіка ў Мінску адбудзецца прэзентацыя электрацягніка для новага фармату пасажырскіх перавозак. У мерапрыемстве возьмуць удзел кіраўніцтва кампаніі Stadler Bussnang AG, прадстаўнікі чыгуначных адміністрацый краін СНД, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Фінляндыі і іншыя афіцыйныя асобы. Першая гарадская электрычка пачне курсаваць ад станцыі Мінск-Пасажырскі да Ждановіч у другой палове 2011 года.

Як паведамлялася раней, БЧ заключыла кантракт са Stadler Bussnang AG на пастаўку 10 электрацягнікоў новага пакалення ў сакавіку 2010 года. Пяць з іх прыбудуць у Беларусь у 2011 годзе, астатнія — у 2012-м.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?