РУП «Белтэлекам» пакуль не плануецца акцыянаваць, паведаміў 6 ліпеня журналістам генеральны дырэктар нацыянальнага аператара сувязі Сяргей Папкоў.

«Пытанне акцыянавання РУП „Белтэлекам“ зараз не разглядаецца», — падкрэсліў ён.

Пра адсутнасць планаў прыватызацыі «Белтэлекама» заяўляў Аляксандр Лукашэнка 29 кастрычніка 2010 года падчас сустрэчы з работнікамі прадпрыемства. «Вы не хвалюйцеся. Мяне ўжо даўно і неаднаразова прасілі прадаць. Калі вы не будзеце старацца — прададзім, а калі вы мадэрнізуецеся, будзеце добра працаваць і канкураваць — застанецеся ў дзяржаўнай уласнасці».

Лукашэнка дадаў, што «Белтэлекам» павінен заставацца ў дзяржуласнасці як альтэрнатыва, каб ведаць, што адбываецца ў гэтай галіне. «Калі мы аддадзім вас у прыватныя рукі, то не будзем бачыць пазіцый дзяржавы», — сказаў ён.

За апошнія пяць гадоў нацыянальны аператар электрасувязі «Белтэлекам» інвеставаў прыблізна 2,5 трлн. рублёў у будаўніцтва валаконна-аптычных ліній сувязі, мадэрнізацыю мясцовай тэлефоннай сеткі, міжнародных станцый, транзітных вузлоў, сеткі перадачы даных і іншага абсталявання.

Кампанія давяла ўдзельную вагу даходаў ад паслуг перадачы даных з 5,3% у 2006 годзе да 21,6% у 2010 годзе пры 9-працэнтным зніжэнні даходаў ад традыцыйных галасавых паслуг, характэрных для рынку ў цэлым.

Паводле вынікаў 2010 года ў кампаніі было 750 тысяч абанентаў шырокапалоснага доступу ў інтэрнэт byfly (рост на 350 тысяч у 2010 годзе). На аснове існай сеткавай інфраструктуры «Белтэлекам» паспяхова стартаваў з першым лічбавым інтэрактыўным тэлебачаннем ZALA і з 2008 года падключыў 220 тысяч абанентаў (рост на 160 тысяч у 2010 годзе) па ўсёй краіне.

«Белтэлекам» быў створаны 3 ліпеня 1995 года. З’яўляецца пярвічным інтэрнэт-правайдарам у Беларусі, ажыццяўляе перадачу даных па камутаванай сетцы агульнага карыстання, забяспечвае доступ да міжнародных і беларускіх рэсурсаў інтэрнэту, дае ў карыстанне міжнародныя лічбавыя патокі і каналы практычна любой ёмістасці, забяспечвае роўныя ўмовы працы аператараў мабільнай сувязі Беларусі шляхам падключэння іх да міжнароднай станцыі, аказвае паслугі па міжгароднім і міжнародным роўмінгу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?